Лукашэнка: у 75-годдзе Перамогі Расія прадае Германіі газ па $70, нам — па $127
14 траўня Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам прэм'ер-міністра Сяргея Румаса.
Кіраўнік Беларусі найперш пацікавіўся вынікамі працы эканомікі за чатыры месяцы бягучага года, перадае БЕЛТА. Таксама ён спытаўся ў Румаса пра сітуацыю з дзяржаўным доўгам: "Якая сітуацыя, што мы бачым, як будзем разлічвацца па даўгах?"
Акрамя таго, Лукашэнка спытаўся, што чуваць ад МВФ і іншых міжнародных арганізацыяў, якія пагаджаліся даць крэдыты Беларусі, у тым ліку на ахову здароўя.
Асобна кіраўнік дзяржавы спытаўся, што робіцца для зніжэння коштаў на пастаўкі расійскага газу. Ён заявіў, што ў Еўропу Расія прадае прыродны газ па 65-68 долараў за тысячу кубаметраў, а не 127 долараў, як для Беларусі.
"Гэта ж не справа, я ўжо не кажу пра год 75-годдзя (Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. — БЕЛТА), што Германіі прадаюць прыродны газ да 70 долараў, як у мяне інфармацыя (там па-рознаму было), але ніяк не 127 долараў, як для Беларусі", — абурыўся Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.