Ля мяжы з Літвой беларускі кіроўца спрабаваў з'ехаць ад памежнікаў
Увечары 23 лютага ў Астравецкім раёне кіроўца "Фальксвагена" спрабаваў з'ехаць ад памежнікаў, паведамляе прэс-служба Памежнага камітэта.
Памежны нарад спыніў 32-гадовага кіроўцу для праверкі памежнага рэжыму. Мужчына паказаў памежнікам дакумент, які сведчыць асобу. А вось пасажырка аўто адмовілася паказаць свой пашпарт.
Мужчына вырашыў дапамагчы спадарожніцы і без дазволу праваахоўнікаў паехаў у бок Кемелішкаў. Там яго неўзабаве і затрымалі.
Цяпер на правапарушальніка склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў. А яго спадарожніцы давядзецца адказваць за парушэнне памежнага рэжыму.