Лябедзька заклікае аднавіць місію АБСЕ ў Беларусі

4 траўня ў Мінску адбылася сустрэча лідараў беларускай апазіцыі з дэлегацыяй бундэстагу. На сустрэчы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прапанаваў аднавіць дзейнасць місіі АБСЕ ў Беларусі. Таксама ён лічыць патрэбным размарозіць перамовы паміж уладай і апазыцыяй, якія ішлі пры пасярэдніцтве АБСЕ і былі замарожаныя ў 1999 годзе.

"Гэта быў бы вельмі добры крок, бо калі не вырашыцца пытанне свабодных сумленных выбараў, то мы будзем хадзіць у лепшым выпадку па коле", — перадае словы Лябедзькі сайт АГП.

Прапанова палітыка прагучала ў сувязі з тым, што ў 2016 годзе Нямеччына будзе старшыняваць у АБСЕ.

У сваю чаргу, дэпутат бундэстага Гернот Эрлер заявіў, што без вызвалення ўсіх палітвязняў ніякіх канкрэтных крокаў па шырокамаштабным супрацоўніцтве з Беларуссю з боку Нямеччыны не будзе. Ён адзначыў, што гэта пазіцыя федэральных уладаў Нямеччыны.

Нагадаем, што місія АБСЕ працавала ў Беларусі з 1998 года. Напрыканцы 2010 года беларускія ўлады прынялі рашэнне закрыць офіс.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі