Маці памерлага штангіста: “З паліклінікі знікла медыцынская картка сына”

З моманту смерці маладога беларускага штангіста Яўгена Шрамко мінула больш за шэсць месяцаў. Выпадак здарыўся ў спартыўным комплексе “Стайкі”, дзе да Алімпіяд і чэмпіянатаў свету рыхтуюцца топавыя спартсмены.

Малады цяжкаатлет лічыўся не толькі перспектыўным, але і абсалютна здаровым спартсменам, без праблем праходзіў медкамісіі. А грунтоўна патлумачыць, што здарылася, ніхто з Міністэрства аховы здароўя так і не ўзяўся.

Праверка ж па факце смерці працягваецца. На дадзены момант Мінскі раённы аддзел Следчага камітэта прызначыў яшчэ адну складаную экспертызу.

“Неабходна ўстанавіць сувязь ці пацягнулі дзеянні медыкаў наступствы, якія здарыліся”,― паведаміў Еўрарадыё Дзмітрый Сярчэня, намеснік начальніка Мінскага РАСК.

Унутраную праверку правяло і Мінздароўя. Але яе вынікі не агучваюцца.

Нагадаем, што пасля смерці Яўгена Шрамко Мачулішчанскі аддзел міліцыі правёў спешную праверку. Нічога супрацьзаконнага выяўлена не было, крымінальную справу не распачалі.

Тады ж Еўрарадыё атрымала перадсмяротную інтэрнэт-перапіску Яўгена Шрамко з блізкім сябрам. Аказалася, што  цяжкаатлет скардзіўся на дрэннае самаадчуванне, распавёў пра візіт да ўрача, пра незразумелыя таблеткі і моцны сон пасля іх прымання. (ПАГЛЯДЗЕЦЬ інтэрнэт-перапіску)

Пракуратура Мінскага раёна прызнала пастанову Мачулішчанскага аддзела міліцыі незаконнай. Распачалася новая праверка.

Еўрарадыё звярнулася і да міністра аховы здароўя Васіля Жарко: як павінен дзейнічаць прафесійны медык, калі спартсмен паскардзіўся яму на боль у спіне і экстрэмальна высокі ціск?

І вось на наш адрас прыйшла папера з Рэспубліканскага цэнтра спартыўнай медыцыны за подпісам намесніка дырэктара Аляксандра Чахоўскага. (ДАКУМЕНТ)

Адначасова паведамляем, што з падобнымі скаргамі майстры спорту па цяжкай атлетыцы да ўрачоў Рэспубліканскага цэнтра спартовай медыцыны не звярталіся”, ― рэзюмуецца ў паперы.

То бок атрымліваецца, што перад смерцю Яўген Шрамко ў сваёй інтэрнэт-перапісцы жартаваў, у яго смерці няма нічога незвычайнага і асаблівых высноў з гэтага рабіць не трэба.

Такой пазіцыі не разумее і спадарыня Наталля, Жэнева маці:

Мне кажуць, што гэта сэрца ў яго было хворае. Тады чаму ён праходзіў усе медкамісіі, і ніколі не выяўлялася ніякіх праблем? І Жэнева медыцынская картка сведчыла пра тое, што ў яго ідэальнае здароўе. Дарэчы, пасля смерці сына той карткі не стала. Хоць ён, калі хацеў атрымаць вадзіцельскія правы, хадзіў здаваць аналізы ў 22-ю паліклініку. Але сёння там няма ні старой карткі, ні якой-небудзь новай. У сына ніколі не было скаргаў на здароўе. Ціск быў заўсёды нармальны. Я не разумею, як такое магло адбыцца. Як падумаю, што ён, паставіўшы тэлефон на падзарадку, лёг спаць і прачнуўся на тым свеце… Гэта проста кашмар…”

***

Не хацелася б, каб гэты матэрыял разглядалі як атаку на нашых урачоў. Але не трэба быць экспертам, каб зразумець, што ў выпадку з Яўгенам Шрамко медыцынская сістэма дала сур’ёзны збой. І здарылася гэта ў мецы беларускага спорту ― у алімпійскім комплексе “Стайкі”. Ёсць пра што падумаць.

Выглядае, што смерць маладога цяжкаатлета ― адзін са званочкаў, які сведчыць пра адкат беларускай спартовай медыцыны. А паступала такіх трывожных сігналаў апошнім часам нямала.

Летам 2012-га увесь Рэспубліканскі цэнтр спартовай медыцыны з прывычнага будынка перасялілі на паверхі старой раённай паліклінікі. Для спартыўнай медыцыны гэта быў крок назад. А на вызваленым “салодкім” месцы спакусіліся будаваць гатэль, які не пачалі ўзводзіць дагэтуль.

У 2013-м годзе стала вядома пра тое, што некаторыя топавыя беларускія спартсмены не атрымліваюць нават…вітамінаў для ўзнаўлення арганізму. І самі для сябе, не маючы належнай кваліфікацыі, распісваюць фармакалагічную праграму. У прыватнасці, сістэму медзабеспячэння раскрытыкавалі лёгкаатлеткі Аліна Талай і Надзея Астапчук.

Пра цяжкі стан спартовай медыцыны выказаўся і былы міністр спорту Юрый Сівакоў, які лічыць, што на працу ў спорт сёння бяруць непадрыхтаваных урачоў, якія не ведаюць, як паспрыяць, каб атлет у патрэбны час выйшаў на пік формы.

Хоць, здавалася б, і школьнікі разумеюць, што без добрых урачоў і якаснай фармакалогіі ў сучасным прафесійным спорце росту не бывае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі