Машыны мінчукоў эвакуіраваць за 150 тысяч не будуць

Як стала вядома Еўрарадыё, эвакуіраваць няправільна прыпаркаваныя машыны з вуліц сталіцы за 150 тысяч рублёў не будуць. Таемная камерцыйная фірма, у супрацоўніцтве з якой мінскія ДАІшнікі збіраліся займацца эвакуацыяй, не толькі не зацвярджала свае расцэнкі ў Мінгарвыканкаме, але ёй, па пэўных звестках, зацікавіўся Дзяржкантроль. Першапачаткова інфармацыя аб V.I.P.-эвакуатарах, паслугі якіх абыйдуцца ўладальнікам няправільна прыпаркаваных аўтамабіляў, з’явілася ў афіцыйных СМІ. У матэрыяле “Машыны будуць эвакуіраваць па V.I.P.-коштах – за 150 тысяч” гэту інфармацыю Еўрарадыё ўскосна пацвердзіла і начальнік аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ Мінгарвыканкаму Жана Трайно. Праўда, сказала, што самі ДАІшнікі яшчэ гэтых эвакуатараў не бачылі і калі яны з’явяцца на вуліцах Мінску -- не вядома.

Спрабуючы даведацца, калі на “паляванне” выедуць элітныя эвакуатары, Еўрарадыё звярнулася да начальніка аддзела арганізацыі бяспекі руху ДАІ Мінгарвыканкаму Максіма Падбярозкіна. Па яго словах, расцэнкі на эвакуацыю не тычацца кампетэнцыі ДАІ.

Максім Падбярозкін: "Па гэтых эвакуатарах… Так, у нас ёсць ідэя, і яна будзе рэалізавацца, каб павялічыць колькасць эвакуатараў. Але які кошт іх паслуг будзе абазначаны, гэта не кампетэнцыя ДАІ ўвогуле. У нас ёсць улада, ёсць адпаведныя структуры -- якія ў адпаведнасці з заканадаўствам вызначаць, колькі будзе каштаваць паслуга эвакуацыі. Таму колькі будзе каштаваць гэтая паслуга, якім чынам гэта будзе вылічвацца і якое канчатковае рашэнне будзе прынята – на гэта ў ДАІ вам ніхто не адкажа”.

Начальнік камітэта цэнавай палітыкі Мінгарвыканкаму Іосіф Рачыцкі пацвердзіў Еўрарадыё, што расцэнкі на эвакуацыю, перш чым па іх пачнуць працаваць, неабходна эканамічна абгрунтаваць і зацвердзіць.

Іосіф Рачыцкі: “Калі эвакуатар будзе нейкай прыватнай структуры, да прыкладу, недзяржаўнай формы ўласнасці, то яны прыйдуць з рэгістрацыямі коштаў да нас. На падставе эканамічных разлікаў і затратаў. Але на сёння мы ніводнага такога кошту не разглядалі”.

Па словах начальніка камітэта, эвакуатарам давядзецца добра пастарацца, каб ім зацвердзілі кошт паслуг у 150 тысяч рублёў. Паколькі паслуга гэта будзе абавязковай і адмовіцца аплаціць яе щ вадзіцеля не будзе магчымасці, то мець вялікі прыбытак ім ніхто не дазволіць.

Іосіф Рачыцкі: “Адзінае, усё на падставе эканамічных выдаткаў будзе вырашацца. І з мінімальнай рэнтабельнасцю. Калі да нас прыйдуць. Таму, што гэта паслуга будзе абавязковай, правільна? Увогуле гэтую паслугу трэба было б вырашаць на ўзроўні рэспублікі”.

Але не толькі ў Мінгарвыканкаме не з’яўляліся таемныя V.I.P.-эвакуатары. Як паведаміў Еўрарадыё галоўны інжынер УП “Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі” Пятро Пруднікаў, падпісаўшы дамову аб арэндзе месцаў на іх аўтастаянках, эвакуатары гэтай фірмы ніводнай машыны да іх так і не прывозілі. Больш таго, па яго словах, ходзяць чуткі, што гэтай фірмай зацікавіўся Дзяржкантроль. І таму невядома, чым гэта гісторыя з элітнай эвакуацыяй можа скончыцца.

Пятро Пруднікаў: “Я так зразумеў, што гэтым зацікавіўся Дзяржкантроль. А паколькі Дзяржкантроль зацікавіўся, то і па зусім іншым рэчышчы будзе ісці ўвесь працэс. Цалкам магчыма, што нейкую пастанову вынесуць і скажуць: “Хлопцы, ідзіце вы!..”

У камітэце Дзяржкантролю Мінскай вобласці пракаментаваць сітуацыю наконт фірмы элітнай эвакуацыі адмовіліся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі