Міхаіл Грабоўскі — лепшы бамбардзір у НХЛ. Сярод беларусаў
Аддаўшы галявую перадачу ў матчы з Эдмантанам, форвард Вашынгтона на адно ачко апярэдзіў Андрэя Касціцына, які зараз выступае ў КХЛ.
Некалькіх запар матчаў Міхаіл Грабоўскі не мог набраць ачкоў. Але ўвечары 14 кастрычніка (позна ўночы па беларускім часе) у хатнім матчы супраць "Эдмантан Ойлерз" форвард, нарэшце, аддаў выніковую перадачу. Цяпер на яго рахунку ў гэтым сезоне сумарна 6 (3 +3) ачкоў.
Сталічныя хакеісты перамаглі "нафтавікоў" з лікам 4:2. Вырашальным для Грабоўскага і яго партнёраў стаў другі перыяд, калі ў вароты суперніка яны адправілі тры безадказныя шайбы. У апошняй з гэтых трох шайбаў і паўдзельнічаў беларускі легіянер.
Аддаўшы гэты пас, Грабоўскі стаў самым выніковым беларускім хакеістам ў мацнейшай лізе свету. На яго рахунку стала 223 (97 +126) ачкі, якія ён набраў у 373 матчах, выступаючы за "Манрэаль Канадзіенс", "Таронта Мэйпл Ліфс" і "Вашынгтон Кэпіталз". На адно ачко ў НХЛ менш у Андрэя Касціцына: 222 (103 +119) у 398 матчах. Але пайшоў ужо другі сезон, як старэйшы з братоў Касціцыных перабраўся ў КХЛ і выступае за чэлябінскі "Трактар", піша БелТА.
Фота: belarushockey.com.