Мікалай Халезін: Санкцыі з чыноўнікаў і бізнэсоўцаў трэба зняць

Мікалай Халезін сцвярджае, што візавыя санкцыі не проста не працуюць, але больш нават не дастаўляюць дыскамфорта асобам, якія падпадаюць пад іх. Бо і чыноўнікі, і бізнэсоўцы ці прызвычаіліся да абмежаванняў, ці навучыліся іх абыходзіць. Што да замарозкі банкаўскіх рахункаў і арышту еўрапейскай маёмасці беларусаў, дык дырэктар “Свабоднага тэатра” не можа прыгадаць і аднаго выпадаку, калі такое мела месца.

“Механізмы, якія ажыццяўляе Еўрасаюз, не распрацаваныя і не дапрацаваныя. Таму яны не працуюць, — разважае Мікалай Халезін.На мой погляд, гэтыя механізмы — гэта паўмера. Якая, тым не менш, дазваляе казаць: “Так, мы ўплываем на беларускія ўлады”.

Калі абмежаванні зняць, еўрапейцы апынуцца тэт-а-тэт з тымі, каго “ізалявалі” ад сябе санкцыямі. На думку Халезіна, гэта не можа не змусіць іх да больш рашучай палітыкі ў дачыненні да Беларусі.

“Еўрапейскія чыноўнікі апынуцца ў адной кампаніі з людзьмі, якія займаюцца пасадкамі ні ў чым не вінаватых мірных дэманстрантаў. Якія аддаюць загады. Якія мелі дачыненне да забойства палітычных апанентаў. Натуральна, гэта абвострыць працэсы. Хутчэй пачнецца апазіцыя паміж еўрачыноўнікамі. Бо сёння яны прадстаўленая трыма-чатырма чалавекамі. І ўсё! А трэба, каб еўрапейскі чыноўнічы апарат раскалоўся напалам. І каб адны казалі, што яны не хочуць сядзець за адным сталом з гэтымі людзьмі, а іншыя адстойвалі сваю пазіцыю”.

Нагадаем, пасля выбараў і разгону дэманстрацыі на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года шэраг беларускіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў трапілі пад візавыя і эканамічныя санкцыі Еўрасаюза. Уезд у ЕС забаронены Аляксандру Лукашэнку і яго дзецям, чыноўнікам з апарата ўлады, суддзям і асобам, якія, па меркаванні еўрапейцаў, “падтрымліваюць рэжым”.

Аднак 24 чэрвеня Савет міністраў замежных спраў краінаў ЕС зняў санкцыі з Уладзіміра Макея, які ў 2010 годзе ўзначальваў Адміністрацыю прэзідэнта. Сёння Макей — міністр замежных спраў, і Савет палічыў, што неабходна “спрасціць дыпламатычныя кантакты паміж ЕС і Беларуссю”. 22 ліпеня Уладзімір Макей прыняў удзел у сустрэчы міністраў замежных спраў Еўрасаюза і Усходняга партнёрства ў Брусэлі.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў Мікалай Халезін прымаў актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі Андрэя Саннікава. Пасля падзей вечара 19 снежня ён быў вымушаны з’ехаць з Беларусі за мяжу. Зараз жыве пераважна ў Лондане.

Фота - Радыё "Свабода"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі