Мілінкевіч прапануе Еўропе "праплаціць" дэмакратызацыю Беларусі

Рэзалюцыя па сітуацыі ў Беларусі будзе перагледжана Еўрапарламентам на наступным тыдні. Такое рашэнне было прынята па выніках сустрэч Аляксандра Мілінкевіча падчас Кангрэсу Еўрапейскай Народнай партыі, а таксама яго папярэдніх зваротаў ды прыняцця рэзалюцыі па Беларусі Кангрэсам ЕНП. Але пытанне аб вяртанні да санкцыяй разглядацца не будзе. Пра гэта Еўрарадыё заявіў лідэр Руху “За Свабоду!” Аляксандр Мілінкевіч.
Аляксандр Мілінкевіч: “Размова не ідзе пра санкцыі, і я не прыхільнік санкцыяў. Я прыхільнік дазаванага супрацоўніцтва. 12 санкцый не далі ніякага выніку: усё больш людзей было ў турмах, усё больш рэпрэсій, усё больш студэнтаў, выгнаных з універсітэтаў, усё менш свабод, менш газет. Вынікаў пазітыўных не было, і эканоміка была ўсё больш у горшым стане. Таму санкцыі носяць сімвалічны характар і паказваюць, што такімі метадамі на выбарах і ўвогуле ў жыцці палітычным улада не павінна сябе паводзіць”.

Па словах палітыка, Еўропа павінна ўздзейнічаць на беларускі рэжым не з дапамогай санкцый, а з дапамогай грошай.

Аляксандр Мілінкевіч: “Можна дзейнічаць зусім інакш — калі выдаюцца крэдыты, калі ствараюцца стабілізацыйныя фонды. Тады Еўрасаюз можа ставіць умовы: “Мы дапамагаем, але вы таксама робіце крокі. Не можа быць рух у адзін толькі бок – яны дапамагаюць, а ўлада робіць толькі касметычныя крокі”.

Па яго словах, 12 умоў Еўрасаюза застаюцца. І трэба вярнуцца да абмеркавання ўмоў іх выканання Беларуссю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі