Мінчукі ратуюць поні з парку Горкага: восенню ён начуе на вуліцы пад балконам
Поні пад балконам у Сухарава / Instagram
У пачатку лістапада мінчане заўважылі ў Сухараве самотнага поні, які начаваў пад балконам. У холад ён стаяў без гунькі, месца для начлегу ніяк не ўладкавана. Поні спаў проста на асфальце.
Аказалася, гэта той самы сумны конік, на якім каля ўвахода ў парк Горкага летам катаюць дзяцей. Неабыякавыя гараджане, якiя выявiлi поні, абурыліся і запатрабавалі пакараць яго ўладальніка за жорсткае абыходжанне з жывёлай. Але можа быць, для каня (хай нават і маленькага) гэта нармальна — начаваць у лістападзе на вуліцы? Разбіраемся.
"...ён яго прывязаў на газоне і некуды пайшоў"
Улетку каля галоўнага ўвахода ў парк Горкага часта можна заўважыць гнядога поні з белай плямай на носе. Выгляд у яго даволі змучаны: мухі абляпляюць вочы, ён абыякава глядзіць наперад і практычна не рухаецца, калі яго не паганяюць. А паганяюць яго тады, калі хтосьці згаджаецца праехацца на ім за грошы.
На сітуацыю звярнула ўвагу тэнісістка, спявачка і зоаабаронца Вольга Барабаншчыкава. Пасля таго як фатаграфіі стомленага коніка, які начуе ў парку Янкі Купалы насупраць цырка, з'явіліся ў Вольгі ў інстаграм-акаўнце, адна з яе падпісчыц, Ірына, паспрабавала выручыць жывёлу.
Дзяўчына сцвярджае, што з поні жорстка абыходзяцца, яго не пояць, не ўладкоўваюць яму належны начлег і не даюць іншага корму, акрамя падножнага. Улетку дзяўчына перыядычна бачыла поні каля парку Горкага:
"Жыхары аднаго дома даслалі паведамленне, што ў іх у двары начуе поні. А ўжо праз пару дзён яго перавялі ў парк насупраць цырка. Поні там начаваў адзін. Калі я прыйшла туды, ён усё яшчэ стаяў там, але ўжо быў і гаспадар. Той убачыў мяне, занерваваўся, пачаў прыбіраць гной у чорны пакет, а потым адвёў поні ў бок парку Горкага. Каля ўвахода ў парк ён яго прывязаў на газоне і некуды пайшоў. Я правяла там некалькі гадзін, назіраючы. У поні ўвесь гэты час нічога не было, нават вады", — расказвае Ірына.
За лета поні памяняў пяць месцаў начлегу — у парках і ў дварах
Гаспадар працягваў вадзіць поні на начлег у парк Янкі Купалы, потым — у двор дома побач з паркам Горкага: "У двары дома, дзе кафэ "Скіф", яго прывязвалі, а гаспадар садзіўся ў машыну займацца сваімі справамі. У поні зноў жа ні вады, ні ежы нармальнай, акрамя падножнага корму", — расказвае Ірына.
Аднойчы ў двары на поні напаў сабака. Мужчына выгульваў яго без ланцужка, і ён кінуўся на каня, пачаў кусаць яго і брахаць.
Тады ж на гаспадара поні першы раз выклікалі міліцыю.
"Я напісала заяву. Міліцыянеры праверылі гаспадара поні, і ў яго не аказалася належных дакументаў, — працягвае Ірына. — Тады міліцыянеры прынялі ў мяне заяву і сказалі, што перададуць усю гэту справу далей. Потым мы даведаліся, што поні яны прывезлі з Расіі. Праўда, незразумела, якімі шляхамі. У іх ёсць агляд ветэрынара, але з астатнімі дакументамі пытанне".
Пасля заявы ў міліцыю поні перавезлі на Каменную Горку:
"Ён начаваў проста пад вокнамі дзевяціпавярховікаў. Нічога для начлегу не ўладкавана. Ні вады, ні аўса яму не давалі. Ніякага схову, хоць ішлі дажджы. Ён проста стаяў на вуліцы", — расказвае Ірына.
Потым поні заўважылі ў тым жа мікрараёне, у парку Уга Чавеса. Самотнага і прывязанага, побач нікога:
"Мы хацелі яго адтуль забраць, нават выклікалі канявозку, але калі мы туды прыехалі, то да яго ўжо падышоў гаспадар. На пытанні аб тым, чаму поні не забяспечваецца нармальны начлег, вада і дадатковы корм, гаспадар пасылаў нас адкрытым тэкстам", — абураецца Ірына.
Праз нейкі час поні з'явіўся ў Сухараве каля дома № 78 па вуліцы Пімена Панчанкі:
"Поні стаяў у заглыбленні пад балконам першага паверха. У лістападзе, ніяк не ўкрыты ад холаду. На ім не было ні гунькі, каб абараніць ад холаду і ветру, ні на зямлі нічога няма. Поні спіць на голым асфальце, што катэгарычна проціпаказана".
Наколькі нармальна трымаць поні ў такіх умовах?
Заатэхнік Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі Аксана Рачыкава расказвае Еўрарадыё, што поні цалкам магло хапаць травы, якую ён шчыпаў у мінскіх парках.
"Каню ў дзікай прыродзе травы хапае, яны самі сябе забяспечваюць. Калі травы дастаткова, то нават спартыўныя коні могуць карміцца выключна травой, без збожжавых кармоў. То-бок калі поні проста гуляў у парку і на ім часам каталі дзяцей і там была трава, то яму, у прынцыпе, павінна хапіць. Але [у дзень] конь павінны з'ядаць у сярэднім 12% ад сваёй вагі", — расказвае спецыяліст.
Па словах Аксаны Рачыкавай, дарослы конь практычна не кладзецца і спіць стоячы, так што бетон або асфальт пад яго нагамі — не асабліва важна. Але частая хада па ім шкодзіць капытам поні. Ім патрэбны пільны догляд:
"Калі шэрсць не мокрая, то ў нашым клімаце коні выдатна сябе адчуваюць. У прыродзе яны жывуць ва ўмовах мангольскіх стэпаў, там -40 градусаў, ім нармальна, — працягвае Аксана Рачыкава. — Калі поні начаваў у парку летам, то там ёсць дрэвы. Поні можа схавацца там і ад спёкі, і ад дажджу. Для іх гэта не праблема.
Тое, што няма павеці або гунькі, — дык у пачатку лістапада і маразоў яшчэ толкам не было. Для поні гэта не крытычна, у іх шэрсць густая. У лістападзе ў нашым клімаце поні не замерзне, нават калі суткі прастаіць пад дажджом.
Жывёлы адносяцца да холаду і спякоты крыху па-іншаму, у іх лепшая тэрмарэгуляцыя. Яны могуць жыць на вуліцы, але галоўнае, каб у іх былі вада і што пажаваць: авёс, трава, салома. Але ўвогуле дрэнна, што поні так безгаспадарна стаіць".
А вось з вадой усё не так відавочна. Бо ў летні дзень коні ў сярэднім выпіваюць каля 40 літраў вады, а калі на вуліцы горача, могуць і 60 літраў выпіць. Ці было столькі ў поні з парку Горкага?
"Вада павінна быць у вольным доступе, у якім-небудзь карыце, і яе туды трэба даліваць па меры расходу, — тлумачыць заатэхнік. — Або трэба паіць мінімум тры разы на дзень".
Тым не менш міліцыя адрэагавала на адну з заяў і звярнулася да зоаабарончай арганізацыі "Эгіда" для аказання дапамогі. Гаспадара могуць прыцягнуць да адказнасці па артыкуле 15.45 КаАП "Жорсткае абыходжанне з жывёламі". Яму пагражае штраф у памеры ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Па словах прадстаўніцы "Эгіды", гаспадар поні парушыў правілы ўтрымання коней: у прыватнасці, правілы выгулу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.