Мінэканомікі знізіла прагнозны кошт на нафту з 57 да 50 долараў за барэль
У рамках каардынацыі макраэканамічнай палітыкі з Расіяй Беларусь пагоршыла прагноз па кошце на нафту на 2016 год. Пра гэта 18 лістапада на пашыраным пасяджэнні пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў паведаміў першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі.
Сёлета ў верасні прагноз урада на будучы год прадугледжваў, што сярэднегадавы кошт нафты будзе на ўзроўні 57 долараў за барэль.
"У параўнанні з базавым варыянтам, які абмяркоўваўся ў верасні, мы пагоршылі прагноз па сярэднегадавым кошце на нафту з 57 да 50 долараў за барэль ў 2016 годзе. Наш прагноз супадае з расійскімі ацэнкамі, мы таксама скаардынавалі з Расіяй і сцэнар па абменным курсе расійскага рубля", — перадае БелаПАН словы Забароўскага.
Чыноўнік лічыць гэтыя лічбы найбольш рэалістычнымі. У гэтых умовах галоўным ён назваў экспарт і актыўнае прыцягванне замежных інвестыцый, уключаючы замежныя крэдытныя лініі. Дарэчы, па словах Забароўскага, рост экспарту тавараў і паслуг у 2016 годзе прагназуецца на ўзроўні 3,5%.
Між тым, раніцай 18 лістапада гатунак Brent на міжнародных рынках таргаваўся ў раёне 43-44 долараў за барэль.
Фота: teren.in.ua