Мінімум 55 беларусаў сталі фігурантамі крымінальных спраў за "здраду дзяржаве"
Артыкул "здрада дзяржаве" ператвараецца ў "штодзённую прыладу рэпрэсій", кажуць праваабаронцы, ілюстрацыйнае фота
Фігурантамі крымінальных спраў аб "здрадзе дзяржаве" ў цяперашні момант з'яўляюцца як мінімум 55 чалавек, пішуць праваабаронцы. Гэта асуджаныя, у тым ліку завочна, і тыя, хто знаходзіцца пад вартай. У пераважнай большасці выпадкаў гаворка ідзе пра палітычны пераслед. Праваабаронцы палічылі, калі два гады таму палітвязняў, прыцягнутых да адказнасці за "здраду дзяржаве", было 12, то цяпер іх 39. Па словах праваабаронцы Паўла Сапелкі, гэты артыкул ператвараецца ў "штодзённую прыладу рэпрэсій".
Пры гэтым лічба затрыманых па гэтым артыкуле можа быць і вышэйшай, кажуць эксперты, паколькі справы аб "здрадзе" часта трымаюць у таямніцы, а пераважная большасць судовых працэсаў праходзіць за зачыненымі дзвярыма. У шэрагу выпадкаў прысуд па такіх справах невядомы. Па артыкуле "здрада дзяржаве" ў Беларусі ўжо былі асуджаныя і адпраўленыя ў турму капітан Генеральнага штаба Узброеных сіл Дзяніс Урад (18 гадоў пазбаўлення волі); былы падпалкоўнік КДБ Аляксей Храловіч (10 гадоў пазбаўлення волі); медыяменеджар Андрэй Аляксандраў і яго жонка Ірына Злобіна (14 і 9 гадоў пазбаўлення волі адпаведна); незалежныя журналісты Кацярына Бахвалава (Андрэева) (8 гадоў пазбаўлення волі) і Дзяніс Івашын (13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі), а таксама 10 фігурантаў "справы рабочага руху" (ад 11 да 15 гадоў калоніі).
Менеджара, заснавальніка і былога дырэктара пляцоўкі "Арт Сядзіба" Паўла Белавуса, да прыкладу, абвінавачвалі ў тым, што "пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных публічных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якога была змена дзяржаўнай улады ў Беларусі".
Дададзім, што год таму дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прынялі законапраект, які прадугледжвае, у тым ліку, увядзенне смяротнага пакарання для службовых асоб за здзяйсненне дзяржаўнай здрады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.