Міністр не прыйшоў на сустрэчу з дэпутатам, бо яго выклікала да сябе сенатар
Сустрэча дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай з міністрам адукацыі Міхаілам Жураўковым, запланаваная на 9.30 18 лістапада, была нечакана адмененая. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла Канапацкая.
“Сёння каля 9-й раніцы мне патэлефанаваў сакратар міністра адукацыі і сказаў, што міністра выклікаў іншы дэпутат і вось яны едуць. Сказалі, што яго выклікала Шчоткіна (Марыяна Шчоткіна, дэпутат Савета Рэспублікі, экс-міністр працы і сацыяльнай абароны. ― Еўрарадыё). Мне не хацелася б думаць, што ў нас ёсць дзяленне на правільных дэпутатаў і няправільных, але пытанні застаюцца”, ― кажа Канапацкая.
На сустрэчу з міністрам адукацыі дэпутат Канапацкая дамовілася некалькі дзён таму, скарыстаўшыся “ўрадавым” тэлефонам у сваім кабінеце. Планавалася абмеркаваць пытанне недапушчальнасці працы школьнікаў у сельскіх гаспадарках на ўборцы ўраджаю. А таксама – смерць 13-гадовай дзяўчынкі з Маладзечна падчас уборкі бульбы.
Па словах Канапацкай, яна не адмаўляецца ад намеру сустрэцца з міністрам Жураўковым і абмеркаваць пытанне працы школьнікаў.