Міністр Шуневіч пра выманне матацыклаў: Гэта можа быць прафесійнай помстай

Міністр Шуневіч пра выманне матацыклаў: Гэта можа быць прафесійнай помстай

Кіраўнік Міністэрства унутраных спраў Ігар Шуневіч пракаментаваў Еўрарадыё сітуацыю з масавай канфіскацыяй матацыклаў у мінскіх байкераў.

Еўрарадыё: Як вы можаце пракаментаваць праблемы ў матацыклістаў, якія пачаліся пасля аварыі з удзелам байкера і інспектара ДАІ?

Шуневіч: Усе дакументы афармляюцца. Усе канфіскацыі будуць афармляцца згодна з заканадаўствам. Я хацеў бы звярнуцца да ўсіх байкераў і матацыклістаў. Я свядома раблю размежаванне гэтых людзей. Хачу звярнуцца з тым, што органы унутранных спраў, органы правапарадку ніколі не будуць мець прэтэнзій да законапаслухмяных грамадзян. У тым ліку з гэтый катэгорыі. Мы адэкватныя людзі, стараемся адэкватна рэагаваць на ўсе сітуацыі. Але скажу вам шчыра. Я дапускаю, што ёсць наяўнасць прафесійнай помсты з боку супрацоўнікаў ДАІ ў межах заканадаўства.

Еўрарадыё: Як гэта, помста ў межах заканадаўства?

Шуневіч: А вось так. Помста ў межах заканадаўства. Гэта вельмі проста — жорсткае выкананне Правілаў дарожнага руху. А калі вы лічыце, што гэта перадузята, то схадзіце паглядзіце на нашага супрацоўніка, які цяпер змагаецца за жыццё. Ён у вельмі складаным стане.

Шуневіч таксама адзначыў, што рабіць Правілы дарожнага руху больш жорсткімі на цяперашні час няма неабходнаці. “Сітуацыя пакуль пад кантролем”, — сказаў Шуневіч.

ДТЗ з удзелам матацыкліста, інспектара ДАІ і аўтамабіля інкасатараў здарылася раніцай 18 красавіка на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова ў Мінску. У выніку аварыі моцна пацярпеў супрацоўнік ДАІ, ён дагэтуль не прыходзіць у прытомнасць.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі