Міністр замежных спраў Латвіі: Трэба перагледзець санкцыі супраць Беларусі

Міністр замежных спраў Латвіі Эдгар Рынкевіч лічыць, што трэба сур'ёзна разгледзець ранейшую палітыку санкцый ЕС супраць Беларусі.

Латвійскі чыноўнік адзначыў нядаўняе вызваленне шасці беларускіх палітвязняў. Ён выказаў задавальненне, што дыялог паміж Еўрасаюзам і Беларуссю актывізаваўся падчас старшынства Латвіі ў Савеце ЕС. "Мы шмат працавалі і з ЕС, і з Беларуссю, і лічу, што нам прыйшоў час сур'ёзна прааналізаваць палітыку санкцый", — перадае rus.delfi.lv словы Рынкевіча.

"Калі мы разглядаем санкцыі як сродак рэалізацыі пэўнай палітыкі, то бачым, што вызваленне ўсіх палітвязняў адбылося, і ЕС павінен зрабіць крок насустрач", — дадаў кіраўнік латвійскага МЗС.

Латвія хоча, каб пытанне пра санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў было ўключанае ў парадак дня ЕС. На думку Рынкевіча, Еўрасаюз павінен прадэманстраваць пазітыўную рэакцыю на станоўчыя змены ў Беларусі.

Як паведамлялася раней, пытанне пра замарозку санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў можа абмяркоўвацца на бліжэйшай сустрэчы міністраў замежных спраў ЕС. Яна пройдзе 4-5 верасня ў Люксембургу.

Што зменіцца паміж Беларуссю і ЕС пасля вызвалення палітвязняў?

Фота: LETA

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі