Мінкульт пра музей Багдановіча: Скароцяць адзінкі ў штаце адміністрацыі

“Невядома пакуль, што значыць працаваць, планаваць сваю працу, калі ёсць вышэй арганізацыя нейкая. Тут будуць бюракратычныя, папяровыя перапоны. Я пакуль не ўяўляю сабе працу музея як філіяла. Калі ў штаце філіяла застаецца загадчык і два-тры супрацоўнікі, якія будуць праводзіць экскурсіі, і тэхнічны персанал, то як далей развівацца?” - расказваюць Еўрарадыё пра аптымізацыю ў адміністрацыі музея Багдановіча. Але наколькі дакладна скароціцца штат музея, не ведаюць.

Міністэрства культуры скарачае на 25% музеі Янкі Купалы, Якуба Коласа і аб’ядноўвае музеі Багдановіча і Броўкі: будуць філіяламі літаратурнага музея.

Пісьменнікі ды інтэлігенцыя супраць, на прыступках музея ўвечары збіраюцца, каб пачытаюць вершы Максіма Багдановіча пад наглядам міліцыі ў цывільным.

“Ніхто не ведае, ці застанецца там музей, калі там скароцяць людзей, ці не будзе пытання, што будынак вялікі для філіяла. Акцыі на падтрымку музея будуць працягвацца. Зразумела, што шмат культурных устаноў скарачаюць. Але мы зараз змагаемся менавіта за музей Багдановіча”, — тлумачыць пісьменнік Уладзімір Арлоў.

І выказвае здагадку, што музей скарачаюць адмыслова, за “крэатыўнасць”.

“Якраз таму, што музей актыўна працуе, што там праводзяцца паэтычныя фэсты, міжнародныя імпрэзы — за гэта ён і будзе пакараны. Каб сядзелі ціха, хмары над ім маглі б і не паўстаць. Але спадзяюся, што розум пераможа”, — даводзіць Уладзімір Арлоў.

Жадання забраць будынак музея на сёння няма, супакойваюць у Міністэрстве культуры, якое і запусціла аптымізацыю.

“Скарачэнні будуць, але гэта закране толькі адміністрацыйную частку. Жадання забраць будынак на сёння ні ў каго няма, усё застанецца, як і было. Але дырэктар будзе падпарадкоўвацца іншаму дырэктару. Там агульныя інтарэсы, і перашкаджаць працы ніхто не будзе. Мы не бачым тут праблемы”, — упэўніваюць Еўрарадыё ў Міністэрстве культуры.

Рашэннем калегіі Мінкульта “Аб аптымізацыі арганізацый сферы культуры” памяншаць будуць таксама штат Нацыянальнага мастацкага музея — на 5%, а вось музей Вялікай Айчыннай вайны не скарачаецца.

Фота: minsknews.by

На відэа - чытанні вершаў на прыступках музея на знак пратэста супраць яго пераўтварэння ў філіял.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі