Мінкультуры не падтрымала прапанову ў справе бел-чырвона-белага сцягу

Міністэрства культуры адхіліла прапанову грамадскасці аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры атрымала адказ на свой ліст - выпіску з пратакола пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкультуры ад 21 траўня за подпісам намесніка міністра Уладзіміра Грыдзюшкі.

Сваю пазіцыю члены рады матывавалі "недастатковай аргументаванасцю і дакументальнай абгрунтаванасцю" прапановы грамадства. Акрамя таго, зазначаецца ў дакуменце, ёсць заключэнні Інстытута гісторыі і Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук, "якія сведчаць пра неадпаведнасць пададзеных матэрыялаў прававым нормам і нявывучанасць гісторыі гэтага пытання".

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч назваў рашэнне рады чаканым. Пры гэтым ён падкрэсліў, што заяўка на наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці была аформлена ў адпаведнасці з заканадаўствам.

"Пакуль існуе цяперашняя сістэма ўлады, пры якой чыноўнікі любой сферы, у тым ліку навукі і культуры, баяцца самастойна прымаць любое рашэнне, не будзе падтрымана ніводная падобная ініцыятыва грамадскасці", — лічыць Астаповіч.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі