Мінская ДАІ 1 верасня будзе лавіць парушальнікаў правілаў паркоўкі каля школ
Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі будуць дзяжурыць каля школ сталіцы раніцай 1 верасня.
Усе аўтамабілі, прыпаркаваныя каля школьных тэрыторый з парушэннямі правілаў прыпынку і стаянкі, будуць эвакуяваныя, перадае БЕЛТА папярэджанне сталічнай ДАІ.
У ДАІ Мінска таксама нагадалі, што перад пачаткам новага навучальнага года былі старанна абследаваныя вуліцы каля ўстаноў адукацыі і дзіцячых садкоў. Там пераважна былі якраз выяўленыя парушэнні правілаў прыпынку і стаянкі транспарту. Таксама парушэнні тычацца асвятлення пешаходных дарожак па асноўнай плыні руху школьнікаў.
Акрамя таго, у ДАІ нагадалі, што з 25 жніўня па 5 верасня праходзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства "Увага — дзеці!". Кіроўцам у гэты перыяд рэкамендуецца рухацца днём з уключаным блізкім святлом фараў. Бацькам жа перад пачаткам новага школьнага сезона трэба нагадаць дзецям асноўныя правілы дарожнага руху.
Фота — nspaper.by