МУС Беларусі прапануе забараніць моладзі да 18 гадоў піць піва
Пра гэта заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Раман Мельнік.
Паводле яго слоў, Міністэрства ўнутраных спраў прапануе заканадаўча замацаваць меры, накіраваныя на недапушчэнне спажывання непаўналетнімі алкаголю. У гэтых мэтах падрыхтаваны "праект закону аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы па пытаннях папярэджання і пераадолення п'янства і алкагалізму", паведамляе БЕЛТА.
Між іншым, плануецца дадаць у закон аб правах дзіцяці норму, якая забараняе асобам, што не дасягнулі 18 гадоў, ужываць алкагольныя, слабаалкагольныя напоі і піва. Пры гэтым плануецца ўвесці адказнасць бацькоў за спажыванне іх дзецьмі такіх напояў.
МУС лічыць неабходным таксама ўзмацніць адказнасць аб'ектаў гандлю за продаж спіртных напояў непаўналетнім. За такое грубае парушэнне могуць забраць ліцэнзію на продаж гэтай прадукцыі.
Фота — bymedia.net