МЗС Беларусі выклікаў пасланніка РФ з-за выказванняў расійскага гісторыка
У МЗС Беларусі 22 снежня быў выкліканы дарадца-пасланнік амбасады Расіі Вадзім Гусеў.
Паводле інфармацыі прэс-службы МЗС, расійскаму дыпламату быў заяўлены пратэст. Нагодай для яго сталі растыражаваныя ў СМІ заявы дырэктара Федэральнай дзяржаўнай навуковай бюджэтнай установы "Расійскі інстытут стратэгічных даследаванняў" Леаніда Рашэтнікава на адрас Беларусі.
Відэазапіс з выступам Рашэтнікава (дарэчы, генерал-лейтэнанта Службы знешняй разведкі РФ) з'явіўся ў інтэрнэце 20 снежня. Ён заявіў, што беларускую мову прыдумалі ў 1926 годзе, а сама Беларусь з'яўляецца "гістарычнай часткай вялікай Расіі".
МЗС Беларусі падкрэсліў, што такія заявы неабгрунтаваныя па сутнасці і катэгарычна непрымальныя па форме. На думку беларускага ведамства, словы Рашэтнікава абсалютна не адпавядаюць стратэгічнаму характару беларуска-расійскіх адносін. Таксама ў МЗС лічаць, што такія заявы не адпавядаюць "зафіксаваным у двух- і шматбаковых дакументах прынцыпам, на якіх грунтуецца супрацоўніцтва нашых братніх дзяржаваў, — павагі суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці".