На пахаванне беларускі Лізы ў Польшчы абвешчаны новы збор
Ліза пражыла 25 гадоў
На пахаванне беларускі Лізы ў Польшчы абвешчаны новы збор. Пра гэта паведаміў яе хлопец Даніла. Ён піша, што "сабраныя сродкі будуць выкарыстаныя на пакрыццё выдаткаў на пахаванне Лізы, юрыдычную дапамогу і падтрымку блізкіх у гэтай трагічнай сітуацыі". Пахаванне пройдзе ў Варшаве, калі будзе сабраная неабходная сума.
Усім ахвярадаўцам папярэдняга збору сродкі будуць вернутыя (і яны ўжо вяртаюцца на рахункі), паколькі яны збіраліся на лячэнне і рэабілітацыю дзяўчыны. А яна памерла. Паводле заканадаўства, нямэтава сабраныя сродкі не могуць быць выкарыстаны.
Беларуска родам з Дзяржынскага раёна. У Польшчу яна прыехала ў канцы 2020-га ці ў пачатку 2021 года. Напад на 25-гадовую Лізу адбыўся ў ноч на нядзелю, 25 лютага, у цэнтры Варшавы. Нападнік згвалтаваў яе і спрабаваў задушыць (пазней падазраванага затрымалі, яму пагражае пажыццёвае зняволенне). Некалькі дзён яна была ў крытычным стане, на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Пра смерць Лізы стала вядома 1 сакавіка.
Варшаўскі шпіталь, у якім была пасля нападу і згвалтавання беларуска, будзе звяртацца ў пасольства РБ у Польшчы па аплату лячэння. Гэтага патрабуюць зацверджаныя працэдуры.
6 сакавіка ў Варшаве пройдзе марш "Яе звалі Ліза". Ён пачнецца а 18-й гадзіне на месцы, дзе адбылося злачынства (ul. Żurawia 47).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.