На стадыёне "Дынама" адбылася беспрэцэдэнтная акцыя – канцэрт The Prodigy

Канцэрту прарочылі крах, арганізатарам — разарэнне, беларускай публіцы — панос, а The Prodigy — залатуху. Але, нягледзячы на ўсю паніку, канцэрт адбыўся. Як адрываліся больш за 10 тысяч чалавек, глядзіце і чытайце ў рэпартажы. Музыкі прадставілі свой альбом, што выйшаў на пачатку году пад назвай “Invaders Must Die” (”Смерць Захопнікам!”). Трохі “задзяўбаўшы” за лета еўрапейскага слухача, увосень гурт рушыў на ўсход. Канцэрт у Мінску прыпаў акурат паміж выступам у Рызе і Кіеве.







Нягледзячы на тое, што недзе з сярэдзіны лета актыўна распускаліся чуткі, што канцэрту не будзе, арганізатарам удалося перажыць гэты прэсінг, уласцівы для беларускай калямузычнай супольнасці. Кошты на білеты аказаліся ў нармальных межах, рэкламай быў заклеены не толькі ўвесь горад, а нават некаторыя ўзоры харчовай і побытавай прадукцыі мясцовых вытворцаў.





Спачатку даводзілася чуць, што The Prodigy катэгарычна адмаўляюцца ад “разагрэву”, але і гэта аказалася глупствам. Спіс артыстаў перад хэдлайнерамі таксама радаваў вока: DJ Mihas, Playfellow, 4KUBA & ACCESS DENIED, DRUM EXTASY (усе – Беларусь), гурт The Amatol і DJ The PROXY з Расіі, і легендарны чалавек-аркестр, бітбоксер DUB FX. Безумоўна, знайшліся людзі, што да апошняга чакалі выступу Ю. Дземідовіча. Але цуду не адбылося.









Брама на стадыён адкрывалася ў 17.00. Упершыню у гісторыі канцэртаў на стадыёне “Дынама” гледачам дазволілі выйсці непасрэдна на поле (!), а не сядзець гаротна на ўсходняй ці паўночнай трыбуне, як гэта было апошнім разам, падчас выступу “A-HA”. Фан-зона ад сцэны была пасунутая метраў на 20, само поле было падзеленае на некалькі сектараў. Іх пільна ахоўваў спецназ. Гэта прыўносіла некаторую нервознасць, хаця, ўласна беларускі глядач без гэткай масоўкі ў шэрым, часам, даволі ніякавата пачуваецца на масавых мерапрыемствах у Еўропе.




Пры ўваходзе на стадыён, праўду сказаць, адбіралі (ці раілі здаваць на захаванне) вострыя рэчы, рамяні, фатаапараты – нават гэтак званыя “мыльніцы”. Але самыя зухаватыя праносілі апаратуру. Па асабістых прызнаннях, у шкарпэтках. Затое людзям прапанавалі берушы – каб не пакалечыць органы слыху.





Па шчырасці, публіка запомніла выступы беларускіх тэхна-электра-клэшэраў 4KUBA & ACCESS DENIED, безумоўна DRUM EXTASY і фенаменальнага DUB FX. Праўда, ужо падчас яго сэту ў публікі ўзнікалі пытанні наконт якасці гуку.



The Prodigy выйшлі на сцэну каля 21.00. Нягледзячы на заяўлены “поўны склад”, неяк забыліся ўсе пра Ліроя Тарнхіла, які пайшоў з калектыву яшчэ чатыры гады таму, але двойчы ўжо паспеў паездзіць па Беларусі. Ну, затое, гурт традыцыйна прыехаў ўзмоцнены рытм-секцыяй ды жывым гітарыстам.







Нягледзячы на разрэкламаваны клас апаратуры, пераважна білі басы і нізкія частоты. З іншага боку – мы ж на рэйве? Чаго вам яшчэ? Беларускай публіцы, аказваеца, нешта яшчэ было патрэбна ад музыкаў, акрамя музыкі і бездакорнага шоў, каб пачаць рухацца ў такт – большасць стаяла, фіксуючы відовішча на камеры мабільнікаў. Між іншым, у фан-зоне народ адцягваўся ад душы. Па шматлікіх назіраннях, хаця надвор’е было прахалодным, замёрзлых і цёпла апранутых не было бачна. Дарэчы, Флінт і Максім таксама не рызыкнулі да канца агаліцца.





Выклікалі здзіўленне даволі нізка (на ўзроўні сцэны)  усталяваныя экраны. Затое весялілі фрагменты смс-чатаў, што трансляваліся проста на працягу канцэрта.








The Prodigy адыгралі свой выступ агульным часам трохі больш за гадзіну. На жаль, частка публіка пачала разыходзіцца адразу пасля таго, як музыкі першы раз пакінулі сцэну. Таму ледзь не траціна слухачоў не пачула легендарнага Out of Space і аднаго з самых прабіўных новых трэкаў Take Me To The Hospital. У 22.00 ўсё, на жаль, скончылася.





Арганізатары разлічвалі на 30 тысяч наведвальнікаў, але, па розных ацэнках, на стадыён прыйшло каля 10 тысяч.

Форумы фанатаў калектыва перагружаныя, музычная і калямузычная грамада з важным выглядам абмяркоўвае, “папалі” арганізатары ці не, а ўсім застаецца толькі спадзявацца, што наступным разам будзе лепш і з арганізацыяй, і з гукам. І з шэрагам артыстаў, якіх, насамрэч, прагне беларускі народ.





Сэт-ліст выступу The Prodigy па ўспамінах сведкаў:

1. World's On Fire
2. Breath
3. Omen
4. Poison
5. Warrior's Dance
6. Firestarter
7. Invaders Must Die
8. Spitfire
9. Run With The Wolves
10. Voodoo People
11. Diesel Power (Pain mix)
12. Smack My Bitch Up
на біс:
13. Take Me To The Hospital
14. Out of Space
15. Stand Up (фанаграма пасля канчатковага сыходу са сцэны)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі