На вайсковым парадзе ў Мінску не будзе ветэранаў вайны
На вайсковым парадзе ў Мінску не будзе ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта ў панядзелак падчас відэасувязі з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Перамогі, адмяняцца не будуць. Але з-за сітуацыі з каранавірусам будуць "вельмі строга" падыходзіць да іх правядзення. Лукашэнка паабяцаў, што туды нікога сілай заганяць не будуць. Што да ветэранаў, то іх, наадварот, вырашылі не запрашаць.
"Мы вельмі акуратна ставімся да гэтага мерапрыемства [вайсковага параду 9 траўня], — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. — Мы прасілі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны..., каб яны не настойвалі на тым, каб мы, як звычайна гэта было, адвезлі іх на парад".
Беларускі кіраўнік нагадаў, што ветэранаў засталося некалькі тысяч чалавек, "і тым ужо больш за 90 гадоў". Паводле яго слоў, дзяржава і грамадскія арганізацыі не забываюць пра ветэранаў вайны. Але сёлета ім усім давядзецца застацца дома.
"Думаю, што яны мне даруюць, што я не задаволіў упершыню за 20 з лішкам гадоў [іх просьбу] прывезці іх на парад", — заявіў Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што свята добра арганізаванае і будзе годна праведзена.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.