На выходных у Беларусі будзе цёпла і месцамі дажджы
11 жніўня ў Беларусі чакаецца пераменная воблачнасць. Па захадзе краіны кароткачасовыя дажджы, навальніцы, у асобных раёнах моцныя залевы, паведамляе Белгідрамет.
Вецер будзе паўднёвы, па Брэстчыне і Гродзеншчыне — з пераходам на паўночны ўмераны, пры навальніцах парывісты. Месцамі прагназуецца шквалістае ўзмацненне ветру.
Тэмпература паветра ўначы і зранку — ад 11 градусаў цяпла па ўсходзе да 20 па захадзе. Удзень тэмпература паветра павысіцца да 25-30 са знакам "плюс". Па захадзе Беларусі прагназуюць +19...+24.
У нядзелю, 12 жніўня, уначы і зранку на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаюцца дажджы, удзень яны пройдуць пераважна па ўсходзе краіны. У асобных раёнах чакаюцца моцныя дажджы, месцамі — навальніцы.
Вецер будзе заходні ўмераны, у асобных раёнах пры навальніцах моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы 13-18 вышэй за нуль, удзень слупок тэрмометра пакажа ад +19 да +26.