"Нагуаль" выдаў міні-альбом з лёгкімі і празрыстымі мелодыямі (аўдыё)

Гурт "Нагуаль" прадставіў новы міні-альбом "Маладзік удалы". У ім калектыў адмаўляецца ад фанемных спеваў і спявае на рускай і беларускай мовах. Пяць песень, якія складаюць міньён, цалкам адлюстроўваюць цяперашні стан каманды, сцвярджаюць музыкі.

"Альбом атрымаўся дастаткова знакавым,  — кажа лідар гурта Леанід Паўлёнак і характарызуе кожную з пяці песень міньёна. — Мы тут сабралі дастаткова лёгкія, прыгожыя і празрыстыя мелодыі, заснаваныя на этнічнай музычнай культуры. На кружэлцы можна пачуць прывітанне з мінулага ад "Маленькага зялёнага жука"  — гэта наша старая песня, але мы яе запісалі ў такой дыска-гаражнай версіі, таксама вядомая адэская песня, пераробленая пад нас, з хіп-хопам і габрэйскім гапаком — "Лимончики", ёсць рускамоўная, прыгожая і лірычная песня пра Жэку — пра ўспрыняцце свету дзецьмі, вядомая "Хакель-Джакель" і новая "Маладзік удалы", загалоўная, напісаная на аснове беларускай абрадавай паэзіі і прысвечаная Калядным святам".

У запісе міньёна ўдзельнічала 13 чалавек. Прэзентацыя "Маладзіка ўдалога" адбудзецца 12 снежня ў мінскім бары "ДК". Кампанію "Нагуалю" ў гэты вечар складзе нямецкі авангардыст Жорж Камерун.

Фота: maesens.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі