Нашы дранікі на “Экспа-2015” будуць гатаваць з… італьянскай бульбы

Mіжнародная выстава “Экспа-2015” пройдзе з 1 траўня па 31 кастрычніка ў Мілане. Беларускі павільён на ёй будзе называцца “Кола жыцця”. Яго архітэктурна-дызайнерскае рашэнне належыць беларускай камандзе Ігара Казюлькова, Змітра Беляковіча і Аляксандра Шыпілава. А вось праектаваннем і будаўніцтвам займаецца італьянская кампанія Stahlbau Pichler Srl. Як даведалася Еўрарадыё, яе паслугі каштуюць нашай дзяржаве ў 3,7 млн. еўра. Хоць падчас тэндара была прапанова амаль на мільён еўра танней.

Еўрарадыё даведалася пра “Кола жыцця” на сайце Stahlbau Pichler Srl. Яно будзе мець выгляд зялёных курганоў, пакрытых штучнай травой, між якіх цячэ імправізаваная рака. Над павільёнам будзе уздымацца вялікае вертыкальнае кола (14 метраў у дыяметры), стылізаванае пад водны млын.

У павільёне таксама будзе рэстаран беларускай нацыянальнай кухні, сувенірная крама, канферэнц-зала, пляцоўка для выступлення музычных калектываў і выставачная прастора. Цяпер будоўля выглядае так:

“Экспа-2015” мае яскравую харчовую тэматыку: “Накарміць планету. Энергія для жыцця” (Nutrire il Pianeta, Energia per la Vita). Кіраўнік “Гільдыі кухараў Беларусі” Аляксандр Чыкілеўскі распавядае, што меню для рэстарана нашага павільёна ўжо зацверджанае міністэрствам гандлю і ўзгодненае італьянскім бокам:

Дранікі з рознымі напаўняльнікамі, пячыста, мачанка. З рыбы будзе карп, з птушкізапечаная курыная грудка, з дэсертаўблінцы, хвораст, печаныя яблыкі. Але паколькі выстава цягнецца паўгода, гэта варыянт стартавага меню”.

Па іроніі, гатаваць дранікі ў Мілане нашым кулінарам давядзецца з… інгрэдыентаў, якія прадаюцца ў ЕС.

Так, хацелася б, каб некаторыя прадукты былі чыста беларускімі. Але ёсць моманты з увозам, напрыклад, мясной прадукцыі ў краіны ЕС, — кажа  кіраўнік гільдыі.

Прычына — адсутнасць усіх сертыфікатаў на тэрыторыі Еўрасаюза. А таксама імкненне італьянскага боку выкарыстоўваць найтаннейшыя інгрэдыенты. То бок мясцовыя.

“Ад беларускіх вытворцаў будуць толькі напоі, алкагольныя і безалкагольныя, магчыма, тварожныя дэсерты і смятана, бо яе не робяць у Еўропе”, — паведамляе Еўрарадыё прадстаўнік міністэрства гандлю Віталь Грыцэвіч.

Кіраўнік “Гільдыі кухараў Беларусі” Аляксандр Чыкілеўскі гэтым таксама засмучаны:

“Было б цудоўна, калі б менавіта для “Экспа” дазволілі прывозіць беларускую харчовую прадукцыю: беларускія каўбасы, мяса, вяндліну. Бо мне падаецца, што італьянцам гэта было б вельмі цікава. Хоць яны і маюць шмат чаго свайго смачнага, але і мы — не меней.”

Да таго ж, па словах кулінара, італьянскай бульбе бракуе крухмальнасці для прыгатавання дранікаў.

Фота: addmaster.net, Lorenzo De Simone - stahlbaupichler.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі