Настаўнікі выклікалі міліцыю, каб вярнуць вучням грошы за тэатр

Як піша партал tut.by, школьнікі 8-11 класаў некалькіх школ Першамайскага раёна сталіцы прыйшлі ў тэатр на пастаноўку "Чорная панна Нясвіжа". Але замест гэтага старшакласнікам пачалі паказваць дзіцячы спектакль.



Пабачыўшы на сцэне дзіцячы спектакль замест заяўленай "Чорнай панны", настаўнікі вырашылі спыніць прагляд і запатрабаваць грошы за квіткі. Па іх словах, спярша адміністрацыя тэатра-студыі "Таварыш" хацела ўцячы. Потым супрацоўнікі заявілі, што напярэдадні яны паслалі ў раённае ўпраўленне адукацыі па электроннай пошце апавяшчэнне пра замену спектакля, а "Чорная панна" ў іх не ідзе ажно з красавіка.



Настаўнікі запатрабавалі вярнуць грошы за квіткі: кожны з гледачоў заплаціў па 30 тысяч рублёў. Супрацоўнікі адміністрацыі тэатра пагадзіліся з патрабаваннем і... зніклі. Педагогі выклікалі на месца міліцыю. І толькі міліцыянту ўдалося адшукаць адміністратара і праз 15 хвілінаў вярнуць грошы за квіткі.



У аддзеле выхаваўчай і ідэалагічнай работы ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна пра інцыдэнт ужо чулі. Самым "пацярпелым" школьнікам там прапануюць бясплатныя квіткі на пастаноўкі Моладзевага тэатра "Вясновая казка дажджу". Прадстаўнікі тэатра кажуць, што трупа, якая павінна была граць спектакль, не змагла своечасова выехаць з Віцебску.



Фота — vremyakultury.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі