Наватарскі закон супраць спайсаў днямі трапіць у Палату прадстаўнікоў
Дэпутат Вадзім Дзевятоўскі тлумачыць, чаму праект так доўга ўзгаднялі, і называе заканадаўчы акт “сусветным прэцэдэнтам”.
Навамодныя дызайнерскія наркотыкі — спайсы, маркі, міксы — пакуль працягваюць выкошваць беларусаў. Ледзь не штодня з’яўляюцца навіны пра выкалатыя вочы, смерці бязвінных пешаходаў праз абкураных кіроўцаў, самазабойствы, перадазіроўкі падлеткаў і іншае.
“Паводле маіх звестак, літаральна днямі ўнікальны антынаркатычны законапраект павінен паступіць у Палату прадстаўнікоў, — паведамляе Еўрарадыё дэпутат Вадзім Дзевятоўскі. — Можа быць, і сапраўды варта было патраціць час і прывесці ўсё ў парадак, каб разабрацца з праблемай адным махам. Гэта ўсё аказалася складанай справай, і трэба было пазбегнуць прававых калізій. Прапрацоўка ў першым чытанні была такая грунтоўная, што падчас другога чытання ён павінен прайсці хутка. Як і планавалася раней, закон можа быць прыняты на асенне-зімовай сесіі”.
Еўрарадыё: Ці захаваўся ў законапраекце самы важны момант — стварэнне Міжведамаснай антынаркатычнай камісіі?
Вадзім Дзевятоўскі: “Ад гэтай назвы мы адышлі, але сам механізм цалкам захаваецца і будзе працаваць максімальна хутка. Мінздароўя, МУС і Камітэт судовых экспертыз будуць даваць заключэнне, накіроўваць яго у НЦПІ (Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі — Еўрарадыё). Пасля інфармацыя пра забароненыя рэчывы будзе вывешвацца на сайт”.
Еўрарадыё: Ці хопіць прадстаўнікам ведамстваў матывацыі, каб прызнаваць новыя рэчывы забароненымі цягам лічаных дзён, а не трох-чатырох месяцаў, як адбываецца сёння?
Вадзім Дзевятоўскі: “Чакаецца, што механізм будзе працаваць вельмі аператыўна. Паверце, хутчэй у межах нашага заканадаўства проста немагчыма. Да таго ж у праблеме з наркотыкамі цяпер няма раўнадушных. Таму з матывацыяй, лічу, усё будзе добра. Ініцыятарам гэтага неабходнага ноў-хаў было МУС. Гэтыя людзі, якія знаходзяцца на перадавой, лічу, не дадуць нікому спаць. Да таго ж мы на ўзроўні заканадаўства можам стаць адной з самых перадавых краін па супрацьдзеянні праблеме, па мабільнасці. Можна так сказаць, што мы дамо свету прэцэдэнт”.
Гучныя словы парламентарыя пра “сусветны прэцэдэнт” — не пусты гук. Аб праблеме танных сінтэтычных псіхатропаў яшчэ пяць гадоў таму адкрыта заявілі ў Германіі, перакінуліся спайсы, парашкі і маркі на ЗША. А сёлета ў кастрычніку хваля матэрыялаў аб смерці ад спайсаў пракацілася па топавых шведскіх СМІ.
Залежнасць ад “дызайнерскіх наркотыкаў” (так на Захадзе часта называюць сінтэтычныя псіхатропы новага пакалення) пакуль не навучыліся эфектыўна лячыць. Нідзе. Да таго ж каштуе паўграма травы з рэагентамі, усяго ў межах 15 долараў. А пакецік парашку на 30-40 доз у той жа Беларусі набываюць усяго за сто долараў.
Пра эфект ад такіх псіхатропаў ужо ведае, бадай, кожны беларус. У многіх спажыўцоў здараецца востры псіхічны разлад.
Людзі выскокваюць з вокнаў, уявіўшы сябе птушкамі ці робатамі. Нярэдка спажыўцы выколваюць адно аднаму вочы і рэжуць целы. Яшчэ часцей аўтамабілісты пад уздзеяннем дызайнерскіх наркотыкаў страчваюць кантроль і забіваюць пешаходаў. Многія спажыўцы проста трапляюць у рэанімацыю. Некаторых медыкі ўратаваць не паспяваюць.
Чалавек з больш трывалым арганізмам пасля сістэматычнага спажывання трапляе ў жорсткую псіхалагічную і фізічную залежнасць.
Першыя сінтэтычныя псіхатропы з’явіліся ў Беларусі яшчэ ў 2008 годзе пад маркамі “Спайс”, “Джа Раш” і іншае. Гэта былі курыльныя міксы, якія свабодна і легальна прадаваліся. Ужо тады многія спажыўцы на месяцы траплялі ў псіхіятрычныя клінікі. А шараговыя прадаўцы зараблялі мільёны долараў. Вось свежы прыклад: сёння,14 лістапада, стала вядома пра затрыманне гандляроў спайсам у Барысаве. Тавару ў іх знайшлі аж на 1,8 мільёна долараў.
Як толькі псіхатропы новага пакалення ўносілі ў наш “Рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў”, у азіяцкіх лабараторыях стваралі новыя рэчывы і ў статусе “легалкі” праз Расію перапраўлялі іх у Беларусь. Наркагандляры мелі тры-чатыры месяцы, каб без турэмнай рызыкі ўсё гэта распаўсюджваць і казачна ўзбагачацца.
У 2012 годзе бюракратычную машыну зварухнуў тагачасны кіраўнік Упраўлення па наркакантролі МУС Мікалай Карпянкоў. Праблема пачала гучаць з усіх СМІ. А ўвесну да яе вырашэння далучыўся дэпутат Вадзім Дзевятоўскі.
Заяўлялася, што дакладна падлічыць колькасць залежных ад спайсаў парашкоў і марак у Беларусі немагчыма. Але некаторыя эксперты напрыканцы 2012 года называлі лічбу прыкладна ў 150 тысяч чалавек (прыкладна столькі ж на той момант было спажыўцоў “шыркі” з насення маку, якая замяняе дарагі гераін). У пачатку 2014 года пасля выхаду Дэкрэта №1 па макавай наркаманіі быў нанесены ўдар. І многія спажыўцы “шыркі” перакінуліся на сінтэтычныя псіхатропы.