"Нехта прыйшоў паслухаць музыку, нехта — абмеркаваць турнікеты"

20 чэрвеня "Джазавы вечар" на плошчы Свабоды азмрочаны міліцэйскім ачапленнем і аўтазакамі. Нягледзячы на апошнюю "джазавую" суботу ў гэтым годзе і зорны склад (Apple Tea і ікона брытанскага джазу Дэніс Баптыст), мінчукі разварочваюцца і пішуць гнеўныя пасты ў сацсетках. 


"Калі я пад'язджаў сёння з сябрам у прызначаны час да ратушы, каб у чарговы раз атрымаць асалоду ад джаза ў кампаніі прыемнай публікі, у мяне стварылася ўстойлівае ўражанне, што мы пад'язджаем да нейкага рэжымнага аб'екта або мітынгу апазіцыі, не менш,піша Андрэй Ткачоў. — Па ўсім перыметры ўсталявалі платы і ўладкавалі КПП з ператрусам і абавязковай відэаздымкай усіх, хто туды ўваходзяць. Выдатнае гета для мінчукоў, якія жадаюць паслухаць джаз. Для паўнаты карціны яшчэ не хапала калючага дроту і аўчарак, якія брэшуць".


Прычына такога "сюрпрыза" знаходзіцца адразу: у Беларусь прыехаў патрыярх Кірыл, які увечары 20 чэрвеня бярэ ўдзел у набажэнстве ў Кафедральным Саборы — акурат па суседстве з фестывалем. Тое, што ачапленне звязанае з прыездам патрыярха, пацвярджаюць і арганізатары фестывалю. Па словах Юліі Крутавай з фонду "Ідэя", ачапленне стала непазбежнай ўмовай, каб фестываль не давялося пераносіць на іншую дату. Але, кажа Юлія ў каментарыі Еўрарадыё, улады пайшлі насустрач фэсту:


"Нехта глядзіць на неба, нехта на палец, які паказвае на гэтае неба. Так і тут. Так, былі турнікеты. Так, было некалькі інакш, чым у першыя суботы. Але нехта прыйшоў на плошчу паслухаць добрую музыку, нехта, відаць, абмеркаваць турнікеты. Быў прыезд патрыярха, які супаў па часе з нашым фестывалем. Але пры гэтым мы ўдзячныя гораду, таму што служба была вечаровая, мы не спазніліся — пачалі канцэрт усяго на 15 хвілін пазней, то бок, у нас атрымалася ўзгадніць гэты момант".


Тым не менш, турнікеты робяць сваю справу — публікі на трэцім і заключным чэрвеньскім джазавым вечары значна менш, чым было на першым, калі мінчукі "захапілі" усе газоны, лаўкі, сцены будынкаў і прастору плошчы Свабоды. Тыя хто прыйшоў, хоць і атрымліваюць асалоду ад выдатнай музыкі, але доўга адыходзяць ад "выпрабавання", з якім даводзіцца сутыкацца на ўваходзе на фэст. Прыезд патрыярха — гэта вядома, важна. Але гэта не значыць, што ўсе аматары джазу — патэнцыйныя тэрарысты, якія патрабуюць жорсткага абыходжання і кантролю.


Вось што піша кіраўнік TUT.by Юрый Зісер:


"І мяне, і жонку прымушалі прад'явіць да надгляду металічныя прадметы, жонку папрасілі адкрыць сумку, а ўздоўж майго тулава некалькі разоў правялі металашукальнікам. Хіба што абутак здымаць не прымусілі. Абшуквалі ўсіх запар, уключаючы пажылых людзей і дзяўчат, нават не спрабуючы выдзяляць групы рызыкі. Калі я, выбегшы з "зоны" на пяць хвілін у банкамат, па вяртанні паўторна праходзіў міліцэйскі кардон, мяне прымусілі не толькі спустошыць кішэні і адкрыць пакет з сувенірамі, але і ўсё з яго дастаць і паказаць... Пасля абодвух ператрусаў я хвілін пяць прыходзіў у сябе, як быццам абмінула небяспека для жыцця..."


Самым чытаным пастом у ЖЖ 21 чэрвеня становіцца пост блогера і фатографа Антона Матолькі, які параўноўвае суботні джаз па колькасці людзей у форме з маўклівымі акцыямі пратэсту 2011 года. Блогеры задаюцца пытаннямі: чаму ўладам нічога не каштуе вось так вось узяць і сапсаваць лепшае, што адбываецца ў горадзе? Тым больш, што ў першую суботу, пры адсутнасці стражаў парадку "Ніхто не пабіўся, не напіўся, не стаў крычаць "Жыве Беларусь", — піша Матолька.

Jazz na Starowce


У цэнтры Варшавы, у Старым горадзе 20 гадоў запар па суботах у ліпені і жніўні адбываецца адзін з самых папулярных джазавых оўпэн-эйраў Jazz na Starowce. Жыхары і госці Варшавы бяруць з сабой маленькія зэдлікі, дыванкі, запаўняюць усе шматлікія кавярні "Старувкі" і слухаюць джаз. 3-4 тысячы чалавек кожную суботу. Ніякіх турнікетаў і паліцэйскіх нарадаў! 


"Любыя спробы зрабіць у нас нешта добрае — гэта аднадзёнкі. А астатнія 364 дні ў годзе нам нічога нельга, — рэзюмуе ў фэйсбуку Мікіта Чаркасаў. —Дайце людзям гэты верхні горад, ды яны там самі без усялякіх БелВЭБ будуць джазавыя вечары кожны дзень ладзіць. Дайце ім магчымасць самім ствараць настрой у гэтым грэбаным горадзе. Святкаваць, калі хочацца, а не калі сказалі. Але не. Нельга... Плошчу Свабоды можна толькі патруляваць. Астатняе — строга па дазволе Мінгарвыканкама. Гэтае нельга ў імя чысціні і парадку. Тое нельга у імя чысціні і парадку. Дык а што можна наогул? І навошта нам плошча такой "свабоды"? А ў Вену я спецыяльна за ўсім гэтым ехаць не хачу. І ў Вільню не хачу. Я тут хачу".

Фота Антона Матолькіwww.mmwarszawa.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі