"Нейра Дзюбель" піша новы альбом і рыхтуецца да юбілея

25-га лістапада ў мінскім клубе “Рэактар” гурт “Нейра Дзюбель” адсвяткуе свой 20-гадовы юбілей. Як водзіцца, павіншаваць юбіляра прыйдуць сябры ды калегі па музычнаму цэху, сярод якіх Лявон Вольскі, Алег Хаменка, Вольга Самусік і іншыя. Паводле словаў лідэра гурта Аляксандра Кулінковіча, “Нейра Дзюбель” дасць вялікі трохгадзінны канцэрт, падчас якога прагучыць каля 50 песень каманды:

Аляксандр Кулінковіч:
“Праграма будзе вельмі вялікая. У нас пакуль у рэпертуары 40 з нечым песень, але хутчэй за ўсё іх будзе пад 50. Плануецца трохгадзінны канцэрт з двума аддзяленнямі. Першае аддзяленне будзе прысвечана ўсяму таму, што было ў гэтыя 20 гадоў. Другое – больш сучаснае, то бок хіты. Праграма проста аграмадная”.

На жаль, крызіс перашкодзіў музыкам гурта “Нейра Дзюбель” ажыццявіць даўнюю мару: перавыдаць першыя альбомы.  Аднак гурт не губляе надзеі, што калі-небудзь ідэя перавыдання будзе зрэалізавана. Зараз каманда Кулінковіча працуе над новым альбомам:

Аляксандр Кулінковіч: “Мы пішам новую праграму. Не ўсё так добра, як хацелася б, бо шмат розных рэчаў адцягвае ад працы. Самая галоўная праблема, самае галоўнае пытанне, галоўная тэма – гэта новы альбом”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі