Па факце траўмавання юнага футбаліста ў Віцебску пачалі крымінальную справу
Футбольная брама
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце траўмавання васьмігадовага хлопчыка ў Віцебску па ч. 2 арт. 165 КК (неналежнае выкананне абавязкаў па забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя малалетняга).
Як выявіла следства, удзень 5 жніўня на футбольным полі крытага манежа ў Віцебску трое дзяцей гулялі ў мяч. Калі мяч трапіў у сетку брамы, васьмігадовы хлопчык (раней былі звесткі, што яму 9 гадоў) палез па яго і падняў незамацаваную футбольную браму. Брама павалілся на дзіця, прычыніўшы яму сур'ёзныя пашкоджанні.
Следча-аператыўная група правяла агляд месца здарэння, апытала відавочцаў, сваякоў і трэнера дзіцяці. Прызначана судова-медыцынская экспертыза.
Як распавядала Еўрарадыё, здарэнне адбылося падчас заняткаў у Спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву "Камсамолец". Хлопчыка спачатку шпіталізавалі ў абласную лякарню. Аднак уначы яго перавезлі ў Мінск, у РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Ён знаходзіцца ў рэанімацыі, яго стан ацэньваецца як сярэдняй цяжкасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.