Пачаўся афіцыйны візіт Макея ў Азербайджан
Гэта першы візіт на ўзроўні кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў з моманту ўсталявання дыпстасункаў Беларусі і Азербайджану.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу МЗС, у рамках візіту запланаваныя сустрэчы Уладзіміра Макея з прэзідэнтам Азербайджану Ільхамам Аліевым і міністрам замежных справаў Эльмарам Мамед’яравым. Кіраўнік беларускага МЗС выступіць у Азербайджанскай дыпламатычнай акадэміі, наведае Бакінскі славянскі ўніверсітэт і Цэнтр беларускай культуры пры гэтай ВНУ.
У часе перамоваў бакі абмяркуюць шырокае кола пытанняў у сферы супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай ды іншых сферах. Будуць таксама разглядацца пытанні супрацоўніцтва на міжнароднай арэне, у тым ліку ў рамках ААН і АБСЕ.
Візіт прадоўжыцца да 11 чэрвеня.