Падатак па валютных укладах беларусы будуць плаціць у рублях
Па валютных укладах, размешчаных меней, чым на два гады, насельніцтва будзе выплачваць падатак у рублях. Пра гэта заявіла намесніца міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай дэкрэту № 7.
“Даходы атрыманыя ў замежнай валюце, пералічваюцца на дату атрымання даходу ў беларускія рублі. Падатак у памеры 13% выплачваюцца ў беларускіх рублях”, — кажа Святлана Шаўчэнка.
Пры гэтым, чыноўніца заяўляе, што беларусам самім ісці ў падатковую, каб заплаціць падатак, не трэба. Усе пералічэнні будзе рабіць сам банк, дзе размешчаны дэпазіт.
Нагадаем, дэкрэт № 7, які прадугледжвае падатак на дэпазіты, як рублёвыя, так і валютныя, набыў моц 12 лістапада.