Падчас выступу ў Стамбуле Лукашэнка казаў пра пагрозу тэрарызму

Падчас выступу ў Стамбуле Лукашэнка казаў пра пагрозу тэрарызму

Ніводная дзяржава ў свеце не можа адчуваць сябе ў бяспецы перад пагрозай тэрарызму. З такой заявай Аляксандр Лукашэнка выступіў у Стамбуле на XIII саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва.

"Сёння ні адна дзяржава ні на Захадзе, ні на Усходзе не можа адчуваць сябе ў бяспецы перад гэтым злом, якое паразітуе на раз'яднанасці і недаверы паміж краінамі, нацыямі і культурамі", — перадае БЕЛТА словы кіраўніка Беларусі.

На думку Лукашэнкі, сімвалічна, што цяперашні саміт праходзіць у Стамбуле — горадзе, які спрадвеку знаходзіўся на скрыжаванні культураў і з'яўляецца калыскай розных цывілізацый. Беларускі кіраўнік выказаў упэўненасць, што толькі праз узаемнае ўзбагачэнне цывілізацый, праз іх дыялог і супрацоўніцтва можна вырашыць глабальныя задачы, якія стаяць перад сусветнай супольнасцю.

Лукашэнка заявіў, што тэматыка саміту надзвычай актуальная і сугучная знешнепалітычнаму курсу Беларусі. Пытанні бяспекі, процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам з'яўляюцца агульнымі для ўсіх дзяржаў. Ён падкрэсліў, што сёння ў свеце множацца вайны і разлад, разбураюцца дзяржавы, ператвараючыся пры гэтым у крыніцу хаосу і гвалту. І на фоне росту нестабільнасці і нявызначанасці пагроза тэрарызму набывае глабальны характар.

На думку беларускага кіраўніка, менавіта цяпер варта было б аб'яднаць намаганні ў барацьбе з сучаснымі выклікамі і пагрозамі. Дарэчы, ісламскі свет, як мяркуе Лукашэнка, можа стаць адной з апораў стабільнасці і бяспекі на планеце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі