Палітэмігрант Дабратвор перавысіў хуткасць удвая і застаўся без правоў кіроўцы
Ілля Дабратвор
Палітэмігранта Іллю Дабратвора да глыбіні душы абурыў штраф за перавышэнне хуткасці ў Польшчы. "Толькі калі сутыкнуўся сам, пачынаеш разумець, наколькі Беларусь ліберальная краіна, дзе думаюць пра людзей, калі не датычыць палітыкі", — піша Дабратвор у Фэйсбуку.
Беларус працуе ў Варшаве таксоўцам. У польскіх гарадах хуткасць аўтамабіляў абмежаваная — 50 км/гадз. Дабратвор перавысіў хуткасць удвая — на 50 км/гадз. Мужчына заявіў, быццам "там усе атк ездзяць". Паліцыя аштрафавала яго на 2000 злотых (каля 466 еўра) і на 3 месяцы пакінула без правоў кіроўцы.
"Нікога не цікавіць, як у Беларусі, што праца залежыць ад правоў. Усім пофіг. Зрэшты, як і ва ўсім еўрасаўку, дзе на звычайных людзей пляваць. Галоўнае ж нейкая эфемерная свабода і дэмакратыя. Пры гэтым квітнее стукацтва і куча камер, проста паводле Оруэла", — перажывае Дабратвор.
Ён абвінаваціў Еўрасаюз у генацыдзе беларусаў: "Фактычны генацыд беларусаў за мяжой, пра які не любяць казаць апазіцыйныя палітыкі, ёсць, быў і будзе. І будзе толькі горш".
У Беларусі Ілля Дабратвор быў актывістам Партыі БНФ. Ён вызначыўся шэрагам скандальных прапановаў — напрыклад, увесці падатак на бяздзетных. У эміграцыі ў Польшчы з ім развялася жонка, не зважаючы на наяўнасць пяцярых агульных дзяцей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.