Палітолаг: Захад можа пайсці на збліжэнне нягледзячы на палітвязняў
Пры гэтым візавыя санкцыі Захад можа пакінуць, а новыя крэдыты выдасць.
Палітолаг Аляксандр Папко лічыць, што ў напружанай геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне краіны Захаду могуць пайсці насустрач афіцыйнаму Мінску.
Папко: "Збліжэнне Беларусі і Захаду адбывалася неаднаразова. І вельмі верагодна, што ў сітуацыі, калі ва Украіне адбываецца вайна, Захад будзе больш уважліва ставіцца да Аляксандра Лукашэнкі, выконваць некаторыя яго пажаданні, весці, прынамсі, перамовы. Так што пацяпленне адносінаў даволі верагоднае".
Нагадаем, што на пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў 15 студзеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе мэтанакіравана ісці на нармалізацыю адносінаў з Захадам. Кіраўнік Беларусі таксама адзначыў, што на Захадзе чакаюць ад Беларусі "нейкіх сігналаў", чакаюць, пакуль пройдуць прэзідэнцкія выбары. Тым часам па-ранейшаму нявырашаным застаецца пытанне палітвязняў, што ЕС і ЗША лічаць асноўнай перашкодай для аднаўлення дыялогу з Беларуссю.
На думку Аляксандра Папко, існуе магчымасць, што цяпер Захад заплюшчыць вочы на палітвязняў і пачне збліжэнне з беларускімі ўладамі.
Папко: "Пэўныя пацяпленні паміж Беларуссю і Захадам адбываюцца ўжо цяпер нягледзячы на тое, што Мікалай Статкевіч сядзіць у турме, што высылаюць Алену Танкачову з краіны. Ніякай жорсткай рэакцыі на гэта мы не атрымалі. Магчыма, што будзе дасягнуты нейкі кампраміс, а ЕС пойдзе на некаторыя нязначныя крокі наперад, нават калі палітвязні будуць знаходзіцца ў турме. Але персанальныя санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і некаторых чыноўнікаў і прадпрыемстваў знятыя не будуць. Перамовы могуць ісці пра тое, каб даць Беларусі крэдыт МВФ, дзе ЕС мае вялікую колькасць галасоў".
Нагадаем, што беларускі кіраўнік не першы раз робіць заявы падобнага кшталту, аднак дагэтуль за імі не ішлі нейкія канкрэтныя крокі насустрач заходнім партнёрам.
Фота — Белсат