Палітвязню Рыгору Кастусёву не паведамляюць вынікі анкалагічнага даследавання
Рыгор Кастусёў падчас суда
Палітвязню Рыгору Кастусёву нічога не паведамляюць пра вынікі анкалагічнага даследавання. Пра гэта перадае Радыё Свабода са спасылкай на зяця палітыка Змітра Антончыка, які ў апошнія гады жыве ў Польшчы.
66-гадовы Кастусёў знаходзіцца ў калоніі "Воўчыя норы" ў Івацэвіцкім раёне. Нядаўна правёў дзесяць сутак ў ШІЗА (ужо, як мінімум, чацвёрты раз), а за што, невядома. Пасля выхаду адтуль змог патэлефанаваць сваякам.
"Расказаў, што цяпер вельмі баляць ногі, — распавядае Антончык. — Ногі ацякаюць, бо ў яго моцны варыкоз. Ва ўмовах ШІЗА з варыкозам вельмі цяжка. Ноччу даводзіцца ляжаць на голых дошках, а ўдзень нармальна немагчыма нават пасядзець".
Рыгор Кастусёў быў затрыманы 12 красавіка 2021 года. У зняволенні ў палітыка пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне. Палітвязня судзілі разам з палітолагам і літаратуразнаўцам Аляксандрам Фядутам, а таксама юрыстам Юрыем Зянковічам. Кастусёва абвінавацілі ў "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам" і прысудзілі 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Сёлета рэжым Аляксандра Лукашэнкі ліквідаваў Партыю БНФ, якую ўзначальваў Рыгор Кастусёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.