Памерла кіраўнік цэнтра SATIO Жанна Грынюк
Вядомай грамадскай актывісткі і навукоўцы, стваральніцы конкурсу “Брэнд года” не стала 19 ліпеня а 4.30. Пяць гадоў яна змагалася з цяжкай хваробай.
Грамадзянская паніхіда запланаваная на сёння з 14.00 да 16.00, інфармацыя наконт месца яе правядзення пакуль удакладняецца.
Жанна Грынюк нарадзілася 3 верасня 1966 года ў гарадскім пасёлку Урэчча на Любаншчыне. Скончыла факультэт прыродазнаўства Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытуту (цяпер — БДПУ імя Максіма Танка), затым скончыла аспірантуру і дактарантуру БДПУ па спецыяльнасці “сацыяльная псіхалогія”. Абараніла дысертацыю па тэме “Эканамічнае мысленне”. У 1998 годзе атрымала званне дацэнта.
Была заснавальнікам і дырэктарам Цэнтра сістэмных бізнес-тэхналогій SATIO, стваральніцай і старшынёй аргкамітэту конкурсу “Брэнд года” ў Беларусі, вяла шэраг міжнародных праграм у сферы бізнесу і маркетынгу. З’яўлялася сябрам Грамадска-кансультацыйнай рады пры кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта.
Займалася выкладчыцкай дзейнасцю ў беларускіх ВНУ, а таксама за мяжой. У 2009 годзе стала лаўрэатам конкурсу “Чалавек справы”. Была аўтарам дзясяткаў публікацыяў у айчынных і замежных СМІ. Арганізоўвала міжнародныя канферэнцыі і кангрэсы.
Захаплялася музыкай і паэзіяй.
У Жанны Грынюк засталося двое сыноў.