Памочнік прэзідэнта і міністры зноў не сышліся ў поглядах на эканоміку

Сярод кіраўнікоў найвышэйшага ўзроўню няма адзінства па эканамічных пытаннях. І часам гэта нават прыводзіць да публічнага супрацьстаяння і пікіровак чыноўнікаў. Два тыдні таму, падчас дакладу ўрада, Нацбанка Аляксандру Лукашэнку, прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч не сышоўся ў поглядах на крэдыты ды ўзровень інфляцыі з памочнікам прэзідэнта Кірылам Рудым.
 
Не менш прынцыповыя разыходжанні Кірыла Рудага з іншымі міністрамі выявіліся 25 лістапада падчас парламенцкіх слуханняў “Дзяржаўна-прыватнае партнёрства: міжнародны вопыт і перспектывы”.
 
Па словах міністра эканомікі Мікалая Снапкова, краіне неабходныя “сучасныя аб’екты інфраструктуры: дарогі, дзіцячыя садкі, школы, шпіталі, медыцынскія цэнтры і гэтак далей”. Праўда, грошай на ўсё гэта ў бюджэце няма, грошы трэба шукаць у прыватнікаў.
 
Мікалай Снапкоў: “Гэтую патрэбу немагчыма ў адзін момант прафінансаваць са сродкаў бюджэту і непажадана фінансаваць з дапамогай пазычаных сродкаў. З улікам парогавага ўзроўню валавой дзяржаўнай пазычанасці краіны. Адным з папулярных і дзейсных механізмаў рашэння гэтай праблемы з’яўляецца механізм прыватна-дзяржаўнага партнёрства”. 
 
                                           Мікалай Снапкоў
 
Адпаведна, Снапкоў раіць як мага хутчэй аформіць такое партнёрства заканадаўча і прыняць закон “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве”.
 
Калегу падтрымлівае намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч. Па яго словах, калі ў 2008 годзе на будаўніцтва дарог, паліклінік, школ ды іншых сацыяльных аб’ектаў з бюджэту трацілася каля 5 мільярдаў долараў, то ў перыяд з 2009 па 2012 год “капітальныя ўкладанні складаюць ад 2,5 да максімум 3 мільярдаў у год”. 
 
Максім Ермаловіч: “І ў далейшым хоць нейкага нарошчвання магчымасцяў бюджэтнага інвеставання, бюджэтных прыбыткаў, прыбыткаў ад падаткаў у развіццё інфраструктуры чакаць немагчыма. А мы бачым, што наяўная патрэба ў фінансаванні такіх расходаў у разы перавышае магчымасці бюджэту”.
 
Неабходнасці спяшацца з прыняццем закона “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве” няма, — нечакана пярэчыць памочнік прэзідэнта Кірыл Руды. Пры гэтым Руды прызнае “пікі знешніх пазык, змяншэнне продажаў на знешніх рынках, пагаршэнне фінансавага стану прадпрыемстваў”. Але лепш дзяржаве пазычыць грошы за мяжой, чым аддаваць будаўніцтва буйных сацыяльных аб’ектаў прыватнікам.
 
Кірыл Руды: “Калі браць грошы ўнутры краіны, то для Мінфіна ў валюце гэта будзе каштаваць каля 6-7%. На знешнім рынку пазыкі, звязаныя з фінансаваннем інвестпраектаў, у міжнародных арганізацый можна ўзяць пад 1-3%, у замежных банкаў — пад 5-8%. Што лепшае можа прапанаваць прыватнік? Ён гэтак жа, як дзяржава, будзе шукаць грошы ўнутры краіны ці за мяжой. А калі ўлічыць, што ўрад — больш надзейны пазычальнік, для прыватніка крэдыты будуць нават даражэйшыя”.
 
                                     Кірыл Руды
 
Адзіная надзея зрабіць праект таннейшым, лічыць Руды, у тым, што прыватнік будзе эканоміць на вытворчых выдатках. Але тут узнікае рызыка, што гэта паўплывае на якасць.
 
На яго думку, і без новага закона “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве” прыватнікі могуць нармальна супрацоўнічаць з дзяржавай, карыстаючыся выключна Грамадзянскім кодэксам.
 
Старшыня “Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва” Уладзімір Карагін прызнаецца, што шмат гадоў дабіваецца магчымасці для бізнесу ўступаць у партнёрства з дзяржавай. Еўрарадыё цікавіцца, ці не лічыць ён словы Кірыла Рудага сведчаннем таго, што на самым версе не зацікаўленыя ў такім шчыльным партнёрстве з бізнесам.
 
Уладзімір Карагін: “Трэба стварыць фінансавы механізм. Ён (Кірыл Руды — Еўрарадыё) слушна заўважыў, што не ўсё яшчэ гатовае, шмат што трэба дапрацаваць. Мы прывыклі браць грошы, але наша дзяржава не вельмі прывыкла аддаваць. І вось тут механізм яшчэ значна недапрацаваны. У тым ліку ў праекце закона”.
 
Тым не менш парламенцкія слуханні прайшлі, і праца над законапраектам працягнецца. Як і спрэчкі чыноўнікаў.

Фота: Змітра Лукашукаwww.sovrep.gov.by 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі