Памылкі ведаем, кампетэнцый дастаткова: чаму беларусам не варта баяцца рэформаў
Рэформы дапамогуць беларускай эканоміцы расці больш чым на 1% у год / Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Беларуская эканоміка не можа расці без рэструктурызацыі дзяржсектара, зняцця бар'ераў для прыватнага бізнесу і шэрагу іншых рэформаў.
Пакуль беларускія ўлады мараць паціснуць руку апошняму прадпрымальніку, міжнародная група экспертаў Chatham House, BEROC і Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Belarus падрыхтавала план рэформаў, патрэбных беларускай эканоміцы пасля сыходу Аляксандра Лукашэнкі.
У чым сутнасць рэформаў, як прыватны сектар дапаможа ў перыяд прыватызацыі і чаму нават Расія пры жаданні не зможа спыніць змены ў Беларусі, расказалі акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова і прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч.
Пункты росту — тэхналогіі і спакойная прыватызацыя
Беларуская эканоміка павінна быць адкрытай, гэта значыць такой, якая гандлюе са шмат якімі краінамі свету, а таксама з дамінантным прыватным сектарам, кажа Кацярына Барнукова.
— І ў гэтым прыватным сектары пераважае хай-тэк-прадпрымальніцтва. Мы бачым, што схільнасць беларусаў да хай-тэк-прадпрымальніцтва ўжо выяўляецца. Калі з'явяцца шырокія магчымасці для людзей рэалізаваць сябе, гэта стане асноўным драйверам росту.
Звычайна, калі гаворка ідзе пра рэформы, узнікае шмат страхаў, звязаных з дзяржпрадпрыемствамі. Рэч у тым, што ад некаторых з іх залежыць занятасць цэлых гарадоў.
— Цяпер камерцыйныя дзяржпрадпрыемствы [якія павінны зарабляць. — Еўрарадыё], гэта значыць без грамадскіх сфер, як ахова здароўя і адукацыя, генеруюць толькі 30 адсоткаў занятасці. За апошнія дзесяць гадоў гэтая занятасць скарацілася больш чым на паўмільёна чалавек. І мы не ўбачылі ўсплёску беспрацоўя. Гэтыя людзі дастаткова спакойна перацяклі ў прыватны сектар, які апошнія дзесяць гадоў бурна развіваўся, — працягвае Кацярына Барнукова.
Таксама палохае невядомасць: да чаго можа прывесці прыватызацыя? А раптам усё "раскрадуць"? Але досвед суседніх краін ужо падказаў, як можна лепш арганізаваць прыватызацыю.
— Мы ведаем недахопы аўкцыёнаў, якія праводзіліся ў Расіі. Або недахопы прыватызацыі ў рукі рабочых завода. Апошняя прыводзіла да таго, што менеджары ўсё скуплялі ў работнікаў. Але мы ведаем, якая прыватызацыя працуе паспяхова: з дапамогай фондавага рынку, арганізацыі вялікага конкурсу, як у Польшчы.
Акрамя таго, няма падставы спяшацца з прыватызацыяй буйных стратэгічных прадпрыемстваў. Замест гэтага можна прадумаць індывідуальную стратэгію развіцця для кожнага з іх, адзначае Кацярына Барнукова.
Таксама неабходна адрасная сацыяльная дапамога для тых, хто апынуўся ў беднасці. Цяпер у Беларусі гэта каля 5% насельніцтва, а атрымліваюць адрасную сацыяльную дапамогу толькі 1%, падкрэслівае Кацярына Барнукова.
Стаўка на прыватны сектар і міжнародную дапамогу
Прыватны сектар ужо забяспечвае каля 50% занятасці, кажа Кацярына Барнукова. Паколькі рэформы будуць у плюс прыватным кампаніям, яны будуць больш вырабляць, наймаць новыя кадры і спрыяць росту эканомікі. Пакуль асноўным бар'ерам для такога росту застаецца няроўнасць умоў для прыватнага і дзяржаўнага сектараў.
— Што немалаважна, не ўзнікне засілля замежных інвестараў у выніку прыватызацыі. Таму што прыватны сектар будзе актыўна ўдзельнічаць у ёй, калі яна будзе адбывацца на новых умовах прававой дзяржавы.
Важна, што прыватны сектар будзе драйверам развіцця дыверсіфікацыі знешніх рынкаў. Рост экспарту ў ЕС і ў ЗША, напрыклад, дасягаецца ў асноўным дзякуючы прыватным кампаніям. Гэта і IT, і прыборабудаванне. Гэты трэнд будзе толькі ўзмоцнены рэформамі.
Хоць чакаецца, што рэформы адбудуцца нашмат лягчэй, чым гэта было ў 90-я, аўтары разумеюць, што стан эканомікі Беларусі да моманту рэформаў будзе горшым, чым цяпер.
— З іншага боку, у нас досыць людзей з дастатковай колькасцю кампетэнцый, ведаў пра беларускую эканоміку, якія змогуць хутка заняцца макраэканамічнай стабілізацыяй. Памер эканомікі Беларусі такі, што падтрымаць яе значна прасцей, чым падтрымаць увесь СССР. Пасля развалу СССР ніякі МВФ не мог дапамагчы дастаткова вялікім крэдытам, — кажа Кацярына Барнукова.
Алесь Аляхновіч нагадаў, што ЕС ужо ўхваліў праект дапамогі Беларусі на 3 млрд еўра. Гэтыя грошы ЕС павінны пайсці на рэформы і будуць даступныя пасля правядзення новых дэмакратычных выбараў.
— Міжнародная дапамога — гэта не толькі грошы, гэта і палітычная падтрымка, і ў выглядзе лібералізацыі заходніх рынкаў для Беларусі, замежныя інвестыцыі, уступленне ў СГА.
На думку эксперта, новая Беларусь зможа разлічваць не толькі на дапамогу ЕС.
А калі Расія будзе супраць рэформаў у Беларусі?
І ў беларусаў, і ў замежных дыпламатаў ёсць апаскі, што рэформам у Беларусі стане перашкаджаць Расія, адзначае Алесь Аляхновіч.
— У Расіі шмат рычагоў, — кажа Кацярына Барнукова. — Больш за 40% экспарту ідзе ў Расію, таму перакрыццё рынкаў, як мы бачылі гэта ў сітуацыі з Украінай, ужо будзе дастаткова балючае. У Беларусі ёсць і энергетычная залежнасць ад Расіі.
У той жа час Беларусь у нейкай ступені абараняе ЕАЭС і тое, што перакрыццё рынкаў прынясе праблемы самой Расіі.
— Проста забараніць беларускім прадпрыемствам доступ на свой рынак азначае перакрэсліць усю еўразійскую інтэграцыю. Калі Расія зробіць так для Беларусі, то іншыя краіны саюза і яго патэнцыйныя ўдзельнікі два разы падумаюць, навошта ім такі саюз, дзе можна праз палітыку раптам змяніць эканамічныя ўмовы. Таму імавернасць таго, што Расія будзе жорстка адказваць на падзеі ў Беларусі, меншая, чым ва ўяўленні грамадства. Што Расія павінна адразу ледзь не ўвесці войскі ў Беларусь, — падсумоўвае Алесь Аляхновіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.