Парашэнка гатовы спыніць агонь, самаабвешчаныя рэспублікі не супраць
У чацвер, напярэдадні саміта NATO, украінскі прэзідэнт сустракаўся з лідарамі краін Захаду.
У кансультацыі ўдзельнічалі прэзідэнт ЗША Барак Абама, канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, брытанскі прэм'ер-міністр Дэвід Кэмеран, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд і кіраўнік італьянскага ўрада Мацеа Рэнцы. Заходнія партнёры выказалі намер падтрымаць Украіну, у прыватнасці ў сферы бяспекі, у тым ліку з боку NATO.
Як інфармуе УНІАН, Пятро Парашэнка дапусціў магчымасць прыняцця рашэння аб двухбаковым спыненні агню ў выпадку дасягнення кантактнай групай згоды адносна мірнага плана. Паводле слоў Парашэнкі, яна мусіць сабрацца а 14-й гадзіне ў пятніцу, 5 верасня. Як вядома, да яе правядзення рыхтуюцца ў Мінску, але дакладную дату не называлі.
Кіраўнікі так званых "Данецкай народнай рэспублікі" і "Луганскай народнай рэспублікі" Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі заявілі пра гатоўнасць аддаць загад аб спыненні агню на Данбасе 5 верасня а 15-й гадзіне. Таксама толькі ў тым выпадку, калі на перамовах удасца падпісаць план палітычнага ўрэгулявання канфлікту, інфармуе РІА "Новости".
Тым часам каля Марыупаля сёння ішлі баі. Да горада прарывалася бранятэхніка з боку Новаазоўска, але была спыненая ўкраінскімі байцамі. Мяркуецца, што гэта была "праверка боем". Як сцвярджаюць украінскія ўлады, Новаазоўск раней быў заняты расійскімі войскамі, якія рыхтуюцца захапіць Марыупаль.
Фота — Reuters, ria.ru