Партыя БНФ будзе змагацца супраць расійскай ваеннай базы
Пра гэта было заяўлена 27 ліпеня на паседжанні сойму арганізацыі ў Мінску.
Партыя БНФ звярнулася ў Адміністрацыю прэзідэнта з патрабаваннем правесці грамадскія слуханні па пытанні размяшчэння ў Беларусі расійскай ваеннай базы.
“У выпадку адмовы мы будзем ініцыяваць правядзенне нефармальных слуханняў, куды запросім вайскоўцаў і экспертаў”, — сказаў лідар партыі Аляксей Янукевіч.
Таксама Партыя БНФ вырашыла падаваць заяўкі на правядзенне пікетаў, каб пратэставаць супраць ваенных планаў расіян у Беларусі.
“Нават калі ўлады не дазволяць іх зладзіць, сам факт звароту будзе інфармацыйнай нагодай, каб распавесці людзям аб праблеме”, — адзначыў Янукевіч.
27 ліпеня Партыя БНФ мела намер правесці каля расійскай амбасады пікет супраць размяшчэння ў Лідзе расійскай ваеннай базы. Аднак Мінгарвыканкам адмовіў у яго правядзенні, інфармуе БелаПАН.