Партыя левых заклікае кандыдатаў зняцца і "не ўдзельнічаць у палітычным фарсе"

Партыя левых заклікае кандыдатаў зняцца і "не ўдзельнічаць у палітычным фарсе"

Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" прапанавала зняцца з выбараў усім кандыдатам у прэзідэнты, "якія сапраўды зацікаўленыя ў вяртанні краіны на дэмакратычны шлях развіцця і не з'яўляюцца марыянеткамі дзеючай улады". Сёлетнюю кампанію ў партыі лічаць палітычным фарсам з загадзя вядомым вынікам, гаворыцца на партыйным сайце. 

У "Справядлівым свеце" адзначаюць, што беларускія ўлады "разгарнулі шырокамаштабныя палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да сваіх апанентаў, у тым ліку патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і чальцоў іх ініцыятыўных груп". Гэта спалучаецца з гвалтам у дачыненні да мірных грамадзян, рэзкім абмежаваннем магчымасцяў для вядзення перадвыбарнай агітацыі і выказвання палітычнай волі. Усё гэта, на думку левых, сведчыць пра адсутнасць неабходных умоваў для свабодных і справядлівых выбараў.

"Справядлівы свет" асуджае гвалт у дачыненні да сябраў ініцыятыўных груп кандыдатаў у прэзідэнты, палітычна актыўных людзей, якія выказваюць мірны пратэст, а таксама журналістаў і патрабуе ад уладаў спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітвязняў. Левыя прапануюць усім палітычным партыям, грамадскім арганізацыям, прафесійным саюзам выступіць адзіным фронтам у падтрымку палітвязняў ды падтрымаць іх і іх сем'і.

Да прадстаўнікоў сілавых структур і дзяржаўных службоўцаў партыя звяртаецца з заклікам не здраджваць народным інтарэсам дзеля "жадання аднаго чалавека заставацца вечным кіраўніком Беларусі".

Акрамя таго ў "Справядлівым свеце" лічаць, што "ніводзін з зарэгістраваных кандыдатаў у прэзідэнты не прапануе пераканаўчых шляхоў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, накіраваных на павышэнне ўзроўню і якасці жыцця працоўных і сацыяльна ўразлівых груп грамадзян". Застаецца незразумелым, адкуль партыя пра гэта даведалася, бо праграмы кандыдатаў у прэзідэнты яшчэ не былі апублікаваныя. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі