Пастаўкі калійных угнаенняў з Беларусі ў Індыю скараціліся на 55%
Пастаўкі беларускіх калійных угнаенняў за мяжу ўскладніліся з-за санкцый / БЕЛТА
Пастаўкі калійных угнаенняў з Беларусі ў Індыю ў студзені-лістападзе 2022-га ў параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года скараціліся на 55%. Пра гэта ТАСС паведамілі ў індыйскай амбасадзе ў РБ. Там дадалі, што Беларусь і Індыя працягваюць абмяркоўваць магчымасць аплаты паставак беларускіх калійных угнаенняў у індыйскіх рупіях. Такія абмеркаванні паміж Беларускай калійнай кампаніяй і Indian Potash Limited ішлі практычна ўвесь мінулы год (прычым непублічныя), але выніку пакуль няма.
Сітуацыя з пастаўкамі калійных угнаенняў з Беларусі ў Індыю ўскладнілася з-за заходніх санкцый, уведзеных супраць афіцыйнага Мінска. Лагістычныя праблемы вырашыць дагэтуль не ўдаецца. Яшчэ ў пачатку 2022-га Індыя папрасіла Беларусь "удакладніць маршруты дастаўкі" ўгнаенняў. Літва якраз спыніла транзіт беларускіх калійных угнаенняў. З-за вайны іх стала немагчыма пастаўляць праз Украіну. Застаўся толькі адзін шлях — праз Расію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.