Патрыярх РПЦ Кірыл прыбыў у Беларусь на бронецягніку (відэа)
На шляху Маскоўскага патрыярха прымаліся асаблівыя меры бяспекі.
Як даведалася Еўрарадыё, у Гомелі міліцыя фактычна блакавала чыгуначны вакзал. У будынак вакзала і на пероны не пускалі людзей, у якіх не было квіткоў на цягнікі на бліжэйшы час. Тэрыторыю вакол вакзала патрулявалі міліцыянты.
Увечары 28 ліпеня Маскоўскі патрыярх прыбыў у Мінск. Разам з ім прыбылі патрыярх Александрыйскі Феадор, патрыярх Іерусалімскі Феафіл, патрыярх Грузінскі Ілія, патрыярх Сербскі Ірыней, архібіскуп Кіпрскі Хрызастом, мітрапаліт Варшаўскі Сава і мітрапаліт Амерыканскі Ціхан. На цягніку ў беларускую сталіцу дастаўлены і крыж святога апостала Андрэя Першазванага.
Як адзначае БЕЛТА, у панядзелак зранку крыж адвязуць на плошчу каля Палаца спорту. Там адбудзецца літургія, якую правядзе пад адкрытым небам патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл разам з кіраўнікамі і прадстаўнікамі іншых праваслаўных цэркваў. Служба пачнецца ў 9.30.
Таксама ў раёне Замчышча пройдзе цырымонія закладкі памятнай граматы ў гонар 1025-годдзя Хрышчэння Русі на месцы самага старажытнага праваслаўнага храма Мінска XI стагоддзя. Пасля набажэнства крыж апостала Андрэя будзе дастаўлены ў прыход Усіх святых (скрыжаванне вуліц Каліноўскага і Усіхсвяцкай). Там ён застанецца да 2 жніўня. Доступ да святыні будзе кругласутачным.
Фота — patriarchia.ru