Паўла Севярынца аштрафавалі за “Сустрэчу свабодных людзей”
За ўдзел у “Сустрэчы свабодных людзей”, якая адбылася яшчэ 16 лістапада, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец атрымаў штраф 1275 рублёў (50 базавых велічынь). У Цэнтральным судзе Мінска палітыка абвінавацілі ў парушэнні артыкула 23.34 — “Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў”.
Суд над палітыкам адбыўся раніцай 5 снежня. Але гэтым пасяджэннем пераслед Севярынца на сёння не абмежаваўся.
“З суда мяне вязуць у Фрунзенскі райаддзел за заклікі на плошчу, — расказаў Еўрарадыё Павел Севярынец. — Раніцай [5 снежня. — Еўрарадыё] атрымаў 50 базавых за 16 лістапада. Калі б хацелі жорстка задушыць пратэсты за незалежнасць, дык я б адназначна паехаў на суткі. Тое, што і мне, і сябрам “Еўрапейскай Беларусі” далі штрафы, — гэта сігнал, што сённяшняя ўлада, як гэта ні парадаксальна, зацікаўленая ў масавых пратэстах за незалежнасць”.
Тым не менш Севярынец не выключае, што наступны суд — за заклікі да наступнай пратэставай акцыі — можа скончыцца суткамі. Акцыя, пра якую ідзе гаворка, запланаваная беларускай апазіцыяй на 7 снежня і прысвечаная “паглыбленню інтэграцыі” Беларусі і Расіі, дарожныя карты для якога Лукашэнка і Пуцін збіраюцца падпісаць 8 снежня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.