Польшча збіраецца замарозіць адносіны з Венгрыяй
Польшча збіраецца замарозіць адносіны з Венгрыяй, і ўсё праз пазіцыю венгерскага прэм'ера Віктара Орбана. Яго краіна працягвае казаць пра сваё права плаціць за расійскі газ у рублях, нават нягледзячы на папярэджанне кіраўніцы Еўракамісіі пра тое, што гэта будзе парушэннем санкцый. Да таго ж сам Орбан — вядомы, як сябра Расіі. Ён забараніў правоз любой ваеннай тэхнікі для Украіны праз тэрыторыю Венгрыі і настойвае, што ў цесных сувязях з Расіяй ёсць шмат пераваг.
"Калі Орбан кажа, што не бачыў, што адбылося ў Бучы, яму трэба параіць афтальмолага", — заявіў польскі віцеэ-прэмʼер, кіраўнік партыі PiS Яраслаў Качынскі. Ён дадаў, што Польшча не будзе супрацоўнічаць з Венгрыяй да таго моманту, пакуль пазіцыя Орбана наконт вайны ва Украіне не зменіцца.
На фоне гэтай заявы Уладзімір Зяленскі распавёў пра тое, што адзін з еўрапейскіх палітыкаў патрабаваў "доказаў" разні ў Бучы. Імя ён не назваў, але шмат хто кажа, што гаворка ідзе менавіта пра Орбана.
9 красавіка ўрад Венгрыі ўжо пачаў апраўдвацца: прэс-сакратар Орбана заявіў, што той асуджае злачынствы ў Бучы і падтрымлівае міжнароднае расследаванне. Але заяву зрабіў не сам Орбан.
У міністэрстве замежных спраў Украіны папракнулі Венгрыю, якая не прызнала адказнасці Расіі за Бучанскую разню.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.