Польская кампанія страціла кантроль над сваёй дачкой, якая валодае “Буслікам"

Дзіцячая вопратка і канцэлярскія прылады

Дзіцячая вопратка і канцэлярскія прылады / pixabay

Польская кампанія CDRL заявіла пра страту кантролю над даччынай кампаніяй ТАА "ДПМ" (сетка крамаў "Буслік").

Раней кампанія заяўляла, што беларускі "Альфа-Банк" запатрабаваў у 10-дзённы тэрмін пагасіць крэдыт памерам у 3,95 млн долараў. Прычынай такога патрабавання было названае "ўзнікненне прыкмет неплацежаздольнасці". Але ліквідных сродкаў для пагашэння крэдыту ў такі тэрмін у CDRL не было.

"У святле вышэйсказанага праўленне прызнала, што цяпер немагчыма распараджацца даччынай кампаніяй, таварамі і фінансавымі сродкамі ў адпаведнасці з вызначанай у CDRL гандлёвай стратэгіяй і палітыкай", гаворыцца ў заяве.

Сярод прычын кампанія назвала ў тым ліку палітычную сітуацыю ў Беларусі, якая "праяўляецца ў значным уплыве беларускіх органаў на фармаванне гандлёвых адносін і эканамічнай сітуацыі даччынай кампаніі".

Сетка "Буслік" на цяперашні момант налічвае больш за 40 крамаў у 20 гарадах Беларусі. CDRP набыла 90% акцый "ДПМ" у 2018 годзе. Астатнія 10% акцый належалі заснавальніку кампаніі Сяргею Місячэнку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі