Польскія памежнікі патлумачылі, чаму ўзніклі чэргі на мяжы з Беларуссю
Аўтобусы ў пункце пропуску "Варшаўскі мост — Тэрэспаль"
Чэргі на беларуска-польскай мяжы тлумачацца "пагрозамі нелегальнай міграцыі" з боку Беларусі. Пра гэта польскае памежнае ведамства паведаміла ў каментары "Белсату".
Памежная ахова Польшчы больш пільна даглядае падарожнікаў на мяжы з Беларуссю, а таксама вымушаная перакідваць службоўцаў з пункту ў Тэрэспалі на стрымліванне мігрантаў у лясах.
У Брэсце 3 красавіка ўтварылася чарга з 370 легкавікоў і 38 аўтобусаў. Беларускія падарожнікі сталі ў чатах наракаць, што польскія памежнікі марудна працуюць і не адкрываюць усе каналы ў тэрмінале. У сувязі з гэтым "Белсат" накіраваў запыт у Памежную служба Польшчы.
"Раптоўныя, непрадбачаныя падзеі, што нясуць прыкметы недатыкальнасці дзяржаўнай мяжы, якія ўзнікаюць у выніку міграцыйнага ціску на польска-беларускай мяжы, могуць абумовіць неабходнасць прыняцця дынамічных і рашучых захадаў. Гэтыя захады прадугледжваюць перасоўванне наяўных асабовых рэсурсаў супрацоўнікаў ад памежных правяранняў для аховы дзяржаўнай мяжы на месцах так званай зялёнай мяжы. У сувязі з недастатковай аховай дзяржаўнай мяжы на беларускім баку мы таксама абавязаныя ладзіць больш дэталёвы кантроль асобаў, якія ўязджаюць у Польшчу — аж да часу, пакуль не знікне рэальная пагроза нелегальнай міграцыі. Рэалізацыя гэтых захадаў у ахове дзяржаўнай мяжы ёсць адказам на часовыя пагрозы нелегальнай міграцыі", — гаворыцца ў адказе спікера Надбужанскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы Дар’юша Сеніцкага.
Пры гэтым прадстаўнік польскай Памежнай службы запэўніў, што ў Тэрэспалі "адэкватна выкарыстоўваюць наяўную інфраструктуру", а аўтобусы афармляюць у прыярытэтным парадку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.