Прадавец можа зазірнуць толькі ў кошык пакупніка, але не ў пакет

Калі на выхадзе з крамы ў вашу торбу спрабуе залезці цікаўны касір, смела адпраўляйце яго — прынамсі назад на працоўнае месца Напэўна, кожны хаця б аднойчы сутыкаўся з супрацоўнікамі гандлёвых цэнтраў, якія патрабавалі ад яго паказаць змесціва пакета ці заплечніка. Альбо не пускалі ў гандлёвую залу, пакуль не здасі той самы заплечнік у грамадскі гардэроб. Пры гэтым часта гардэроб упрыгожаны надпісам пра тое, што “адміністрацыя за страту каштоўных рэчаў пакупніка адказнасці не нясе”.

Хто ў такой сітуацыі мае рацыю – пакупнік ці гандляр? Еўрарадыё звярнулася па тлумачэнні да абодвух бакоў канфлікту.

Начальнік аховы сталічнага гіпермаркету “Еўраопт” Уладзімір Валовік скардзіцца, што крадуць усё і ўсе – ад 8-гадовых хлапчукоў з цукеркамі і шакаладкамі да сівых пенсіянерак з пакетамі малака і кавалкамі сыру. Але сапраўднай катастрофай для гандлёвага цэнтру можа стаць арганізаваная група спецыялістаў па крадзяжах у крамах.

Уладзімір Валовік: “Менавіта ствараецца спецгрупа такіх людзей, і яны адсочваюць, дзе знаходзяцца тэхнічныя сродкі: камеры відэаназірання, брамкі, прамагнічаны тавар ці пракліпсаваны. Працуюць групамі. Адны адцягваюць увагу, іншыя напакоўваюць сябе і спрабуюць неяк вынесці тавар”.

Каб уратаваць свой тавар, гандляры ідуць на розныя хітрыкі. Да прыкладу, пераапранаюцца ў цывільнае і пад выглядам пакупнікоў назіраюць за іншымі наведвальнікамі крам. Апошнім часам шырокі распаўсюд атрымалі відэакамеры і “трывожныя брамкі” каля кас. Калі тэхніка спрацоўвае, чалавека затрымліваюць для высвятлення сітуацыі. Ва ўсіх астатніх выпадках пакупніка затрымліваць забаронена, якім бы падазроным ён ні падаваўся, адзначае начальнік аховы “Еўраопта”.

Уладзімер Валовік: “Толькі пры спрацоўванні тэхнічнай сістэмы. Альбо калі ёсць відэазапіс, дзе сапраўды заўважна, што чалавек паклаў тавар сабе ў кішэню і пры праверцы касавага квітка гэты тавар адсутнічае. Тады запрашаем чалавека ў пакой для дагляду. Складаюцца ўсе неабходныя працэсуальныя дакументы, і правяраецца чалавек. У выпадку выяўлення, адпаведна, выклікаюцца супрацоўнікі міліцыі. Маем поўнае права – пры наяўнасці паказанняў тэхнічных сродкаў: камеры відэаназірання і “трывожных брамак”, якія ў нас у гіпермаркеце ўсталяваныя”.

Юрыст мінскага Таварыства аховы правоў спажыўцоў Андрэй Ермаковіч з Валовікам пагаджаецца: для затрымання пакупніка ахоўнікі гандлёвых цэнтраў павінны мець доказы злачынства, а не кіравацца выключна ўласным меркаваннем. І адначасова не пагаджаецца: даглядаць каго заўгодна могуць толькі адмысловыя органы, а да іх ліку служба бяспекі гіпермаркетаў не адносіцца.

Андрэй Ермаковіч: “З боку аховы гэта надзвычай пазапраўныя дзеянні, таму што абы-каго нельга затрымліваць. То бок яны павінны рэальна ведаць і мець факты на руках – пра тое, што гэтая асоба нешта паклала ў кішэню ці схавала пад куртку. Усё астатняе з’яўляецца незаконным. Правам дагляду валодаюць толькі адмыслова ўпаўнаважаныя органы: МУС, пракуратура, КДБ”.

Калі ж пакупнік адмаўляецца чакаць, пакуль прыедуць міліцыянты, утрымліваць яго прымусова таксама ніхто не мае права. Замест гэтага, кажа юрыст, служба аховы можа запатрабаваць сапраўдны адрас затрыманага грамадзяніна, куды пазней і будзе дасланая позва ў міліцыю для разбіральніцтва. Сядзець ці не сядзець у службовым пакойчыку, паказваць уласныя рэчы для дагляду ці не паказваць – справа выключна добраахвотная.

Аднак уласную службу бяспекі могуць сабе дазволіць хіба што буйныя гандлёвыя цэнтры. У звычайных крамах функцыю ахоўнікаў найчасцей бяруць на сябе прадстаўнікі адміністрацыі ці нават звычайныя касіры. Юрыст кажа, што праблемы крамы зусім не павінны ператварацца ў праблемы пакупніка.

Андрэй Ермаковіч: “У гэтым выпадку я б раіў грамадзянам, па-першае, звярнуцца з патрабаваннем прадставіць кнігу скаргаў і прапаноў. Па-другое, сказаць: хлопцы, даглядаць адміністратар і касір не маюць права, лезці ў асабістыя рэчы – толькі ў кошык і толькі ў тыя рэчы, якія чалавек купіў. Калі ж ёсць падозранні, што ён нешта паклаў у торбу, то можна дагледзець. Нават калі асоба ўзяла нейкія тавары, то гэта трэба зрабіць дастаткова ціха і ў культурнай форме, папрасіць прайсці яго ў асобны пакой”.

Менавіта ўзаемная ветлівасць дазваляе пазбегнуць большасці канфліктных сітуацыяў. Таму вам могуць настойліва прапанаваць яшчэ на ўваходзе пакласці свае рэчы ў агульны гардэроб. Аднак і тут кожны сам павінен вырашаць, ці пакідаць на пэўны час без нагляду свае рэчы. Балазе, адміністрацыя за іх магчымае знікненне аніякай адказнасці не нясе. І нават калі вы купілі нейкую булачку ў іншай краме за 5 хвілін да наведвання наступнай, зусім не абавязкова пакідаць яе ў скрынцы на ўваходзе, адзначае Андрэй Ермаковіч.

Андрэй Ермаковіч: “Я параіў бы паказаць адміністратару, паказаць ахоўніку тое, што знаходзіцца ў торбе, патлумачыць сітуацыю і прайсці з торбай у залу. Трэба абавязкова прад’явіць перад касай. Можна захаваць квіткі. І пры прадстаўленні квітка аб пакупцы булачкі, дзе будзе пазначаная крама і прабіты кошт булачкі. Тады падставаў другі раз браць плату за тавар у прадаўцоў не будзе”.



Фота з belta.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі