Прадстаўніца польскага ўраду Ганна Марыя Андэрс наведала Курапаты

Прадстаўніца польскага ўраду Ганна Марыя Андэрс наведала Курапаты

Упаўнаважаная ў пытаннях міжнароднага дыялогу канцылярыі старшыні Савета міністраў Польшчы Ганна Марыя Андэрс 9 красавіка прыбыла ў Мінск з неафіцыйным візітам.

Як паведамляе БелаПАН, у суботу ўвечары яна наведала ўрочышча Курапаты — месца масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, дзе ўсклала кветкі і запаліла свечкі ля мемарыяльных крыжоў.

Мэта візіту Ганны Марыі Андэрс — наладзіць кантакт з беларускімі спецыялістамі ў галіне вывучэння гісторыі і актывізаваць беларуска-польскі гістарычны дыялог. Прадстаўніца польскага ўраду сустрэнецца са спецыялістамі БДУ і Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. У прыватнасці, запланаваныя сустрэчы Андэрс з доктарам гістарычных навук, дэканам факультэта міжнародных адносінаў БДУ прафесарам Віктарам Шадурскім, а таксама дырэктарам дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Уладзімірам Адамушкам.

Ганна Марыя Андэрс паведаміла журналістам, што не плануе сустракацца ні з кім з афіцыйных асобаў.  

З Беларусі яна накіруецца ў расійскія Катынь і Смаленск. Сёння там пройдуць памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя трагедыі расстрэлу супрацоўнікамі НКУС польскіх афіцэраў у Катынскім лесе ў 1940 годзе, а таксама авіякатастрофе пад Смаленскам у 2010 годзе, у якой загінулі 96 чалавек, у тым ліку прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі